+375-1591-78837  231201 ул. Пионерская, 5 г. Островец

 

Главная » Новости » 19. 02. 2020

Злавіць сваю зорную хвіліну на сцэне настаўнікі змаглі, дзякуючы ініцыятыве раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі

Работнікі адукацыі Астравеччыны прадэманстравалі, што могуць не толькі вучыць, але спяваць, танцаваць ды на розных музычных інструментах граць. Конкурс талентаў сярод педагогаў «Хвіліна славы», прысвечаны 80-годдзю ўтварэння Астравецкага раёна, прайшоў на «дзясятку» з плюсам.

00.jpg

Злавіць сваю зорную хвіліну на сцэне настаўнікі змаглі, дзякуючы ініцыятыве раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі пры падтрымцы раённых арганізацый «Белая Русь», «Беларускі саюз жанчын» і БРСМ.

«Табе, наш край, – нашы таленты» – заахвочваў да выступлення дэвіз конкурсу. І яго ўдзельнікі прадставілі багатую калекцыю чуллівых, жартаўлівых і філасофскіх нумароў.

Парад талентаў праходзіў у шасці намінацыях. Нягледзячы на тое што ў трох з іх выступала ўсяго па аднаму ўдзельніку, на якасць нумароў гэта не паўплывала. Яскравым пацвярджэннем стала хвіліна славы калектыву ясляў-сада №3, які паказаў мюзікл «Работа, як казка». Выхавацель, метадыст, загадчык гаспадаркай, малады спецыяліст, старшыня прафкама, загадчык і іншыя работнікі садка ў вясёлай форме пераробленых песень прадэманстравалі, што галоўнае ў іх працы. Атрымалася амаль як на Брадвеі – прыгожа, крэатыўна і з сэнсам.

Ясли сад 3 (диплом 1 степени).jpg

Лірычнае сола на фартэпіяна ў намінацыі «Ігра на музычным інструменце» прысутным падарыў Васіль Станкевіч з Кямелішкаўскага НПК. А Часлава Сідарэвіч з Альхоўскай СШ стала адзінай удзельніцай самай смачнай часткі конкурсу – «Кулінарыя». Настаўніца не толькі прэзентавала некалькі відаў выпечкі, якую мог пакаштаваць любы жадаючы, але сыграла вальс на баяне і ў вершаванай форме расказала пра свае захапленні.

Часлава Сидорович (диплом 1 степ).jpg

Часлава Сідарэвіч

 

Крыху больш прэтэндэнтаў пазмагацца за перамогу было ў намінацыі «Танец». Адкрылі гэту частку конкурснай праграмы педагогі гімназіі №1 – яны на мове рухаў, мімікі і жэстаў прадэманстравалі свой варыянт «Службовага рамана». Гумарыстычная танцавальная версія аказалася не горшай за экранізаваную.

6.jpg

Не пакінула раўнадушным гледачоў драматычна-экспрэсіўнае выступленне Веранікі Трубкінай з СШ №3 пад «Малітву» вядомага песняра Уладзіміра Мулявіна.

0.jpg

Мінорныя ноткі змяніліся мажорнымі – іх па-поўнай на сцэне запалілі дзяўчаты з ясляў-сада №4: пад задорны танец з лыжкамі ногі самі прасіліся ў скокі.

Удзельнікі наступнай намінацыі не спявалі, не танцавалі, але выклікалі смех і дрыжыкі па скуры мастацкім чытаннем. Вольга Саковіч з гімназіі №1 прысвяціла свой верш выпускнікам; Святлана Сцяпанава з ясляў-сада №2 расчуліла пранікнёным творам «Мама»; пад «Крыўду мужа» ў выкананні Наталлі Ярмак з Міхалішкаўскай СШ гледачы заўсміхаліся, а слухаючы гумарэску «Даміно» Валянціны Місевіч з Варнянскага НПК, – пасмяяліся ад душы.

Але, як высветлілася, больш за ўсё работнікі адукацыі ўмеюць і любяць спяваць – самай шматлікай і багатай на ўражанні стала намінацыя «Вакал». Падабранаму з густам рэпертуару, сцэнічным вобразам, харызме і самааданай манеры выканання канкурсантаў маглі б пазайздросціць нават вядомыя артысты.

Спявалі настаўнікі пра рознае і па-рознаму. Пра любімую Бацькаўшчыну, як Кацярына Грыдзюшка з СШ №2 і Вікторыя Алексеявец з ясляў-сада №1. Пра каханне і рас станне, як Наталля Вянгроўская з СШ №2 і Юлія Герасім з Гудагайскай СШ. Пранікнёна і з надрывам, як Вікторыя Букель з ДЦРД, Алена Раткевіч з СШ №1 і Ілона Масейка з СШ №3. Задорна і з гумарком, як Майя Качан з Варнянскага НПК, Дзмітрый Ярмоліч з СШ №1 і Ірына Чубек з Рытанскага НПК.

4.jpg

5.jpg

Наталья Венгровская (диплом 1 степ).jpg

 

Сярод вакальных нумароў варта адзначыць дуэты. Калыханка ў выкананні Веранікі Данакозан, якая хутка стане маці, і маладой мамы Дзіяны Юцкевіч з ясляў-сада №5 была прасякнута неверагоднай пяшчотай, цеплынёй і любоўю да сваіх малышоў.

3.jpg

Тэму дзяцей прадоўжыў дуэт з Мальскага ясляў-сада. «Когда ты станешь большим, сын…» – здавалася, спявалі не голасам, а душой дзве сястры Кацярына Ігнатовіч і Вікторыя Касцюк. І зала падпявала ім калі не ўголас, то ў думках.

Сваю «Хвіліну славы» работнікі адукацыі Астравеччыны вытрымалі на вышыні – і былі годна адзначаны журы.

Гран-пры конкурсу заваявала Юлія Герасім. Дыпломы І ступені ў сваіх намінацыях атрымалі калектывы ясляў-сада №3 і гімназіі №1, дуэт з Мальскага ясляў-сада, Наталля Вянгроўская, Вікторыя Букель, Часлава Сідарэвіч і Васіль Станкевіч. Астатнія канкурсанты таксама былі адзначаны – Дыпломамі ІІ і ІІІ ступеняў і падарункамі.

1.jpg

Марына Кутовіч, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі:

– Мы атрымалі шмат станоўчых эмоцый і яшчэ раз упэўніліся, наколькі талевітыя людзі жывуць на Астравеччыне. Спадзяюся, гэта «Хвіліна славы» стане пачаткам шматгадзіннага творчага марафону конкурсаў і фестываляў сярод работнікаў адукацыі.

 


Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.

 

Текст: Марина Мацкевич
Фото: Марина Мацкевич
 
 
Па сцяжынцы да школьнага парога Страчскай школы прайшліся яе былыя дырэктары Рэгіна Лапата і Алена Канчанін
Определились дипломанты конкурса совета ветеранов и объединения профсоюзов «Творение рук – душевный дар»
Первый профсоюзный молодёжный форум в Островце. День второй
Школа молодого специалиста
Мы дружбою своей сильны и Родиной своей горды!
Островчане побывали на патриотическом форуме ко Дню народного единства
День Независимости
Экскурсия в Брестскую крепость
Па сцяжынцы да школьнага парога Дравяніцкай школы
В «Ласточке» молодёжный совет образования провёл квест для детей
Ромашковые поля c пожеланиями на лепестках дарили на День семьи в Островце
Я – педагог и патриот своей страны