+375-1591-78837  231201 ул. Пионерская, 5 г. Островец

 

Главная » Новости » 02. 08. 2021

Пра сцяжынку да школьнага парога Чэхскай базавай школы расказвае былы дырэктар Таіса Уладзіміраўна Карчэўская

Са звестак, змешчаных у кнізе «Памяць. Астравецкі раён», вядома, што школу ў вёсцы Чэхі адкрылі ў 1940 годзе. Размяшчалася яна ў прыватным доме, а дзяцей вучыла настаўніца з Міхалішак. Пасля вайны школа была пачатковай. Узначальваў яе мясцовы жыхар Браніслаў Гражуль. З 1948 года ўстанова стала сямігадовай. 

– У розныя гады дырэктарамі Чэхскай школы былі Лебедзеў, Хамякова, Шакола (пазней ён працаваў у Гірскай школе), Кісялёў і Леўдзікаў – іх не ведала, але бачыла іх загады і прозвішчы ў дакументах, Асмалоўская, Салаўёў, Чэпікаў, Навічонак – ён скончыў Вільнюскі педагагічны ўніверсітэт, адпрацаваў па размеркаванні і выехаў назад у Літву, яго змяніла Ніна Юльянаўна Ігнатовіч, а потым дырэктарам стала я, – расказвае апошні дырэктар Чэхскай базавай школы Таіса Уладзіміраўна Карчэўская.

Як Астравеччына стала радзімай

Маладога педагога накіравалі на Астравеччыну ў 1969 годзе пасля заканчэння Гродзенскага педінстытута. Сказаць, што гэта яе расчаравала, – нічога не сказаць. Таіса Уладзіміраўна праплакала 2 тыдні. 

3.jpg

– Я віцябчанка. Але паступала ў Гродзенскі педінстытут, таму што ў Віцебскім быў злучаны фізіка-матэматычны факультэт. Я да фізікі была не схільная. Мне хацелася займацца матэматыкай, – узгадвае жанчына. – Паспяхова здала экзамены – і даведалася, што буду залічана.

Вучоба праляцела хутка, і калі на размеркаванні яна пачула «Астравецкі раён» – разгубілася: на той час ім палохалі выпускнікоў усіх вну. Але дзяўчыну хваляваў не «край свету», як называлі Астравец, а тое, што давядзецца быць у далечыні ад сябровак, якіх накіравалі ў Зэльвенскі і Слонімскі раёны, і маці.

– Намеснік дэкана, які вельмі любіў наш курс, супакойваў, што ад Астравеччыны да маёй радзімы бліжэй – а значыць, ездзіць туды і бачыць маці я змагу часцей. І праўда, дома я бывала часта, – гаворыць Таіса Уладзіміраўна. – А з аднакурсніцамі мы і сёння сябруем – часта размаўляем па тэлефоне. Але не гэта галоўнае. Астравеччына стала маім лёсам, маім жыццём і маёй радзімай – нават у большай ступені, чым тая, дзе я нарадзілася.
Усё жыццё Таіса Уладзіміраўна Карчэўская прысвяціла адукацыі Астравецкага раёна. Педагагічны стаж жанчыны – 52 гады. І цяпер яна працягвае працаваць.

– Пачынала ў Страчскай васьмігодцы – адпрацавала 2 гады, – расказвае настаўніца. – У Чэхскай школе якраз трэба быў матэматык. Ніна Юльянаўна Ігнатовіч прапанавала гэтае месца мне – я згадзілася.

Акрамя гэтага, настаўніца мела шмат дадатковых грамадскіх абавязкаў – але з усім спраўлялася. Так у працы і клопатах праляцела 3 гады. На летнія канікулы Таіса Уладзіміраўна паехала на Віцебшчыну да маці, а на наступны дзень атрымала тэлеграму. Яе выклікаў тагачасны загадчык раённага аддзела народнай адукацыі Леанід Уладзіміравіч Батура.

– Прычыны не ведала, але не з’явіцца на прыём да загадчыка было немагчыма. І назаўтра я выехала ў Астравец. У аддзеле адукацыі мне прапанавалі пасаду дырэктара Чэхскай школы. Гэта быў сапраўдны шок – я не кар’ерыст і не планавала павышэння, – усміхаецца Таіса Уладзіміраўна. – Чалавекам я была актыўным, удзельнічала ва ўсіх мерапрыемствах і кампаніях, якія праходзілі ў раёне. Магчыма, з-за таго што маё прозвішча было на слыху – і выбралі маю кандыдатуру. Мае довады не вельмі слухалі – адразу ж павялі на прыём да Расціслава Арсенцьевіча Герта. Ён паабяцаў дапамогу і падтрымку – давялося згаджацца.

Таіса Уладзіміраўна ўзначальвала школу 33 гады, пакуль не зачынілі.

– Прыйшла я, можна сказаць, маладым спецыялістам – за плячыма толькі 5 гадоў настаўніцкага стажу. Але ў мяне быў добры настаўнік – у Бабраўніцкай школе працаваў Зянон Вацлававіч Аўгуль – ён пастаянна мяне чаму-небудзь вучыў, браў з сабой, калі трэба было ехаць за дапаможнікамі, даваў парады, – узгадвае былы дырэктар Чэхскай школы.

Зразумела, былі цяжкасці. Фінансаванне, рамонты, мноства спраў – ва ўсё трэба было ўнікнуць. Але галоўнае, аб чым марыла дырэктар, – сабраць калектыў аднадумцаў ва ўсіх справах.

– Калі лёс даверыў мне людзей – дарослых і малых, я хацела зрабіць так, каб на працу і на вучобу яны ішлі ахвотна. Каб не ўздыхалі каля школьных варот, каб мы бачылі адзін у адным паплечнікаў, аднадумцаў, з адкрытымі сэрцамі, павернутымі адзін да аднаго тварамі. Я старалася, каб у школе было ўтульна і спакойна, – расказвае Таіса Уладзіміраўна. – І мне здаецца, што гэта атрымалася. 

– Усе справы мы рабілі разам – а гэта вельмі неабходна для паспяховай работы, – разважае былы дырэктар. – Разам мы спаборнічалі, удзельнічалі ў алімпіядах і конкурсах – і, хаця наша ўстанова была маленькая, не прапусцілі ніводнага мерапрыемства.

З настальгіяй Таіса Уладзіміраўна ўспамінае лепшыя гады свайго жыцця, калі давала маладому пакаленню веды, вучыла быць актыўнымі і любіць Радзіму.

 – Сёння я з задавальненнем успамінаю школьную форму, піянерскі гальштук, агляды песні і строю – памятаю, з якой радасцю і гонарам дзеці дэманстравалі ўменні прыгожа прайсці, заспяваць піянерскую песню, – узгадвае настаўнік. – Адзін раз бачыла, як плакаў вучань. Аказалася, што савет дружыны не даў яму рэкамендацыю для ўступлення ў камсамол. І юнак зрабіў вывады, прыклаў намаганні, каб выправіцца, – і нічога дрэннага ва ўсім гэтым не было…

5.jpg

Усё пачынаецца з дзяцінства 

Дзяцей у школе было нямала. У першыя гады дырэктарства Таісы Карчэўскай у класах вучылася звыш 20 школьнікаў. У штаце працавала 10-11 настаўнікаў, у апошнія гады – каля 15.

– Здавалася, што ў нас пастаянны калектыў, але калі адкрыла кнігу ўліку педагагічных кадраў, то ўбачыла, што маладых спецыялістаў таксама прыходзіла нямала – прафесіянальна падрыхтаваныя, работу любілі, дзяцей разумелі і ішлі ў школу з задавальненнем. Нечаму яны нас вучылі, чамусьці – мы іх, – узгадвае Таіса Карчэўская. 

– У школе працавалі і сямейныя пары: Шаблінскія, Радуты, Лапуні, а таксама намеснік дырэктара Галіна Іванаўна Кайрыс, Галіна Антонаўна Сцефановіч, Марыя Іосіфаўна Мацкевіч, Таццяна Станіславаўна Лакевіч і яе маці, – расказвае былы дырэктар. 

Асабліва ганарыцца Таіса Уладзіміраўна Карчэўская выпускнікамі. Іх за гады працы школы было каля 800.

– Чацвёра нашых настаўнікаў калісьці заканчвалі Чэхскую школу – Таццяна Віктараўна Сыс, Наталля Францаўна Крувялене, – цяпер яны працуюць у Гервяцкай школе, Павел Уладзіслававіч Рынкевіч, Генадзь Лявонавіч Лапуня, – расказвае Таіса Уладзіміраўна. – Многія вучні выраслі добрымі людзьмі: для бацькоў гэта клапатлівыя дзеці, для сваіх дзяцей – любячыя бацькі, добрыя работнікі – іх партрэты размешчаны на Дошках гонару, іх узнагароджваюць, іх фотаздымкі і прозвішчы бачу ў раённай газеце – і кожнаму іх поспеху радуюся больш, чым свайму.

Хаця, як узгадвае былы дырэктар, напачатку былі цяжкасці з атрыманнем вучнямі сярэдняй і вышэйшай адукацыі – дзеці не хацелі ісці вучыцца пасля 9 класаў, многія ехалі на працу ў Вільнюс. Дабрацца туды было проста, жыллё давалі, ды і грошы плацілі.

– Мне ж хацелася, каб нашы дзеці заставаліся на радзіме і сваёй працай уносілі ўклад у яе развіццё! Гаворкі пра вышэйшую адукацыю ўвогуле не было, пакуль не сталі выпускацца школьнікі 60-х гадоў нараджэння. Гэта быў пераломны момант, калі першыя нашы выпускнікі пасля сярэдняй школы прадоўжылі вучыцца ў вышэйшых навучальных установах, – расказвае Таіса Уладзіміраўна.

Цесныя сувязі школа падтрымлівала з мясцовай гаспадаркай – спачатку гэта быў калгас імя Леніна, потым – калгас «Радзіма».

– Абодва кіраўнікі – Іосіф Пятровіч Сантоцкі і Вячаслаў Іосіфавіч Адахоўскі – вельмі адказна ставіліся да патрэб школы. Неабходныя матэрыялы, грошы, транспарт – усё мы мелі без праблем. І ў адказ таксама стараліся дапамагчы, – гаворыць Таіса Уладзіміраўна. – Калгас імя Леніна спецыялізаваўся на вырошчванні ільну – і зарабляў на гэтым нядрэнныя грошы. Мы гэты лён падымалі – нават дзеці былі ў гэтай справе прафесіяналамі. Ніколі гэтай работай не займаліся калгаснікі, толькі мы – і атрымлівалася вельмі добра. І мы былі задаволены, што зарабілі, і калгас таксама, што работа выканана ў час і на выдатна.

Шмат гадоў існавала практыка заключэння дагавору паміж калгасам і школай – зацвярджаўся ён на ўзроўні райкама партыі – і запісанае ў ім было абавязковым для выканання. Так, калгас абклаў будынак школы цэглай, набыў новыя газавыя пліты і новы посуд. Дапамагала гаспадарка і рабіць таннейшым школьнае харчаванне – пры яе падтрымцы штогод стваралі запасы гародніны.

– Ездзілі мы і на экскурсіі – зноў жа пры фінансавай падтрымцы калгаса. Праўда, больш па роднай краіне – упэўнена, у нас ёсць, што паглядзець, і чым ганарыцца, – гаворыць былы дырэктар.

2.jpg

Гісторыя працягваецца

Пасля закрыцця Чэхскай базавай школы яе вучні і настаўнікі перайшлі ў Гервяцкую. 

– Гэта адбылося ў 2007 годзе пры тагачасным загадчыку аддзела адукацыі Ліліі Уладзіміраўне Янкоўскай, – гаворыць Таіса Уладзіміраўна. – Яна была добрым кіраўніком, і ў многіх пытаннях на некалькі крокаў ішла наперадзе за іншых, умела аб’яднаць людзей, зацікавіць іх. Яна заўсёды паўтарала, што мы – яе апора, што ад нашай працы залежыць усё – і рэпутацыя школы і раёна. Спачатку да мерапрыемстваў, якія Лілія Уладзіміраўна арганізоўвала, адносіліся насцярожана – потым зразумелі, што гэта аб’ядноўвае. 

– Так жа было і пры закрыцці нашай школы. Зразумела, што інфармацыйную работу праводзілі спачатку мы, а потым Лілія Уладзіміраўна сабрала ўсіх бацькоў, выдзеліла аўтобус і разам з імі паехала ў Гервяцкую школу. Тут арганізавалі сустрэчу з кіраўніцтвам і настаўнікамі, паказалі класы, спартыўную і актавую залы, сталовую – на свае вочы бацькі ўбачылі ўмовы, пачулі, як іх дзеці будуць вучыцца, развівацца і дабірацца да школы. Канешне, ім гэта спадабалася – усе былі задаволены і ніякіх скаргаў і пытанняў не ўзнікла.

Не засталася без працы і Таіса Уладзіміраўна – хаця ўжо магла ісці на заслужаны адпачынак.

 – Канешне, было нязвыкла апынуцца не ў гушчы спраў і падзей. І калі мяне паклікала да сябе тагачасны дырэктар Варнянскай школы Надзея Андрэеўна Субач – я згадзілася. Стала працаваць настаўнікам матэматыкі ў завочнай школе, а потым і іншыя нагрузкі з’явіліся. Але ўсё гэта было ў задавальненне. 

Цяпер Таіса Уладзіміраўна працуе ў сацыяльна-педагагічным цэнтры – і, трэба адзначыць, карыстаецца аўтарытэтам у сваіх маладых калег.

Ды і ад грамадскіх абавязкаў Таіса Уладзіміраўна Карчэўская таксама не адмаўляецца – стараста вёскі, старшыня выбарчай камісіі – аднавяскоўцы ёй давяраюць, прыслухоўваюцца да яе думак. А сёлета рашэннем райвыканкама прозвішча і партрэт гэтай жанчыны занесены на раённую Дошку гонару – ці не лепшая гэта адзнака яе працы за ўсе гады, аддадзеныя любімым дзецям і людзям роднай Астравеччыны!

4.jpg

1.jpg

Елена Ярошевич

 
 
Па сцяжынцы да школьнага парога Страчскай школы прайшліся яе былыя дырэктары Рэгіна Лапата і Алена Канчанін
Определились дипломанты конкурса совета ветеранов и объединения профсоюзов «Творение рук – душевный дар»
Первый профсоюзный молодёжный форум в Островце. День второй
Школа молодого специалиста
Мы дружбою своей сильны и Родиной своей горды!
Островчане побывали на патриотическом форуме ко Дню народного единства
День Независимости
Экскурсия в Брестскую крепость
Па сцяжынцы да школьнага парога Дравяніцкай школы
В «Ласточке» молодёжный совет образования провёл квест для детей
Ромашковые поля c пожеланиями на лепестках дарили на День семьи в Островце
Я – педагог и патриот своей страны