+375-1591-78837  231201 ул. Пионерская, 5 г. Островец

 

Главная » Новости » 10. 12. 2021

Па сцяжынцы да школьнага парога Каценавічскай пачатковай школы прайшлася яе былая настаўніца Ірына Рылькова

Напэўна, кожны з нас у любым узросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.

Наш сумесны з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праект “Сцяжынка да школьнага парога” прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.

Жыццё Ірыны Аляксандраўны Рыльковай з 1948 года прысвечана Астравеччыне. Лёс звязаў настаўніцу пачатковых класаў з трыма школамі: пачатковымі ў Чэрнішках і Каценавічах, васьмігадовай у Дайноўцы. Пра выбар прафесіі і жыццёвы лёс Ірына Аляксандраўна расказвае ў нашым матэрыяле.

1.jpg

З гісторыі Каценавіч і школы

Паводле кнігі “Памяць. Астравецкі раён”, новая сядзіба ў Каценавічах закладзена ў 1810 годзе. Гэта быў драўляны дом з ганкам, які меў дзве пары калон.

У доме пастаўлены 4 прыгожыя кафляныя печы. З двух бакоў газона з пад’язным кругам стаялі свіран і афіцына. Парк спланаваны па тыпу эканамічнага саду і прадстаўлены адным баскетам. Захавалася паўночная ліпавая алея. Да параднага двара вяла ўязная вязавая алея. З гаспадарчых пабудоў захаваўся невялікі драўляны свіран з навесам.

Афіцыйна пацверджаных звестак пра Каценавічскую школу адшукаць не атрымалася. З расповеду Ірыны Аляксандраўны вядома, што ў час вайны сядзіба пуставала. Пасля вызвалення ў ёй адкрылі школу.

Як стала настаўніцай

4.jpg– Нарадзілася я ў 1927 го­дзе ў вёсцы Малыя Ульянавічы Сенненскага раёна Віцебскай вобласці. Сёння нікога з былых жыхароў ужо няма, засталася толькі яе назва. Ведаю, што звесткі пра Малыя Ульянавічы занесены ў кнігу «Памяць», – узгадвае жыхарка вёскі Каценавічы, былая настаўніца мясцовай школы Ірына Рылькова. – Чатыры гады назад з’ездзіла паглядзець на сваю малую радзіму – нікога там не засталося, усе памерлі. Але па ўсім свеце раскіданы дзеці, унукі і праўнукі маіх аднавяскоўцаў – значыць, памяць пра яе жыве!

– Скончыла шэсць класаў – і пачалася вайна. Я яе добра помню, падлеткам ужо была. Аднойчы разам з цёткай трапілі пад бамбёжку – немцы кідалі бутэлькі з запальваючай сумесю. Адна з іх у мяне трапіла – валёнак загарэўся. Паднялася я і давай снегам агонь засыпаць. Добра, што зіма была, – так бы згарэла. А цётку параніла – ёй асколак трапіў у плячо. Аперацыю зрабілі, дасталі яго – добра пажыла пасля гэтага, – расказвае Ірына Аляксандраўна.

Пасля вайны дзяўчына пайшла ў 7 клас. Школа была за тры кіламетры ад дома, у суседняй вёсцы. Але малая штодня спяшалася на заняткі.

– Пераросткам была – у вайну не вучыліся. Выдатніцай не была, але адзнакі добрыя атрым­лівала, – гаворыць жанчына.

А пасля заканчэння 7 класа дзяўчыне прапанавалі пайсці бры­гадзірам у калгас. Ірына ўзра­давалася – гэта ж ёй такі давер аказалі! Але маці хутка астудзіла яе пыл: «Не пушчу! Ідзі далей вучыцца».

– Маці мая непісьменная была, нават распісацца не ўмела, а вось бацька яшчэ пры цары гімназію скончыў. І я вырашыла ехаць у Мінск, каб паступаць у гандлёвы тэхнікум, – усміхаецца Ірына Аляксандраўна. – Знайшла кватэру, а гаспадыня за яе 200 рублёў просіць. А дзе ж іх узяць, калі ў мяне стыпендыя толькі 120! А яшчэ ж жыць, есці трэба. Чым бацькі маглі дапамагчы? Нічым! Бедната, галеча, пасля вайны нічога не засталося, толькі голыя сцены. І я вярнулася дамоў.

– Падумалі мы, памеркавалі – і вырашыла я ў Лепель у педвучылішча падацца. Ісці давялося пешшу – 70 кіла­мет­раў у адзін бок. Знайшла педвучылішча, зайшла да дырэктара, расказала пра сваё жаданне быць настаўніцай. А ён строга так: «Экзамены трэба здаваць. Можа, вы зусім безграматныя – адкуль я ведаю?» А ў мяне ж дакументы ёсць аб заканчэнні 7 класаў, – спрабую апраўдацца.

Экзамены Ірынка здала добра, залічылі яе на 1 курс і месца ў інтэрнаце далі – радасці і шчасця дзяўчыны не было канца.

Раз на месяц дырэктар адпускаў сваіх студэнтак дадому. Даехаць не было на чым, заставалася толькі адно – пешшу ісці. І яна хадзіла. Боты, якія бацькі справілі для вучобы, шкадавала, ведала, што кожны год новыя не купяць. Ірына абувала лапці, сплеценыя татам, – і ішла ў Малыя Ульянавічы, потым гэтак жа вярталася ў Лепель.

– А на трэцім курсе чыгунку адрамантавалі, цягнік пачаў хадзіць – прасцей стала: і дабрацца лягчэй, і прадуктаў больш узяць можна. І бульбу, і мяса, і капусту бацькі давалі. А да гэтага толькі сухары прыносілі з дому – цяжка было, – расказвае Ірына Аляксандраўна.

Пасля заканчэння педву­чы­лішча маладых спецыялістаў накі­ра­валі ў Маладзечненскую воб­ласць.

– Загадчыкам тады быў Асма­лоўскі. І ўсіх нас, хто прыехаў з Лепеля, забралі ў Астравецкі раён. Так у 1948 годзе я стала яго жыхаркай.

2.jpg

Другая Радзіма

Накіравалі Ірыну Аляксанд­раў­ну загадчыкам пачатковай школы ў Чэрнішкі. 

– Прыязджаю ў вёс­ку, заходжу ў школу – яна размяшчалася ў прыстасаваных для гэтага пакоях звычайнага дома – і бачу сваю знаёмую, якая таксама вучылася ў Лепелі ў педвучылішчы. Доб­ра з ёй мы сябравалі і разам працавалі, – расказвае настаўнік.

– Дзяцей было шмат. Прычым многія пры­ходзілі з суседніх хута­роў, – узгадвае Ірына Аляксандраўна. – Вучылі­ся не толькі беларусы, былі сярод маіх вучняў і літоўцы.
У Чэрнішках знайшла на­стаў­нік і свой лёс. Тут яна па­знаёмілася з мясцовым хлоп­цам, а потым і вяселле згулялі.

– Хлопчык у нас нарадзіўся, але бяда здарылася – памёр ён у паўтара гадкі. Могілкі побач з нашай хатай былі. А з акна школьнага кабінета магілка майго сыночка відаць была, – гаворыць жанчына. – Як працаваць? Стаю і на магілку гляджу, схажу да яе – наплачуся. Не магла вытрываць. Таму і папрасілася перавесці мяне ў іншую школу.
Загадчыкам раённага аддзе­ла адукацыі на той час быў Пётр Міхайлавіч Лугоўскі. Ён выслухаў просьбу настаўніка і прапанаваў месца ў Дайноўскай васьмігодцы.

 – Там добры быў калектыў, больш настаўнікаў працавала, і дзя­цей больш вучылася. Ды­рэкта­рам была Любоў Міхай­лаўна Кіся­­лёва, – гаворыць жанчына.
Здавалася, што гады і праўда сці­раюць памяць пра бяду. У Дайноўцы сям’я пражыла 4 гады, а потым муж Ірыны Аляксандраўны захварэў – давялося зноў вярнуцца ў Чэрнішкі.

– У школе на той час ужо іншая настаўніца працавала. Мне засталося толькі паўстаўкі – а гэта 50 рублёў. А я адна з дзіцям – муж памёр. А ў Каценавічах Міхаіл Аляксеевіч Рылькоў адзін працаваў на 2 стаўкі – ён і пра­пана­ваў мне перабрацца ў яго школу, – узгадвае Ірына Аляк­сандраўна.

Настаўнікі знаёмы былі даўно. Часта сустракаліся на педа­га­гічных канферэнцыях. 

– Рылькоў таксама з Віцебскай вобласці сюды прыехаў. Толькі з Талочынскага раёна. І жонку яго, Кацярыну Антонаўну, я таксама добра ведала. Добрая жанчына была, гаротная – у час вайны ў нямецкі лагер трапіла. А пасля вайны вярнулася, паступіла ў Аршанскае педвучылішча – і прыехала працаваць на Астравеччыну. У іх з Міхаілам Аляксеевічам нарадзілася двое дзяцей – дзяўчынка і хлопчык. І калі Кацярына Антонаўна памерла, ён прапанаваў мне сысціся з ім. Цяжка аднаму дзяцей гадаваць, – гаворыць Ірына Аляксандраўна.

У Каценавічы настаўнік пера­ехала ў 1961 годзе. Дзяцей у школе было каля 40 – якраз на дзве стаўкі хапала.

– У Каценавічскую школу ха­дзілі малодшыя школьнікі не толь­кі з гэтай вёскі, але і з Забор­цаў, Раўданішак, Саса­нішак і блі­жэйшых хутароў, – расказвае на­стаўнік. – Сярод вучняў было многа добрых дзяцей. Ведаеце Ро­берта Часнойця, былога старшыню рэспубліканскага праф­саюза работнікаў аховы зда­роўя? Я яго таксама вучыла. А колькі маіх выхаванцаў працуе цяпер у бальніцы, у школах і на «атамцы»!

Школа размяшчалася ў былым панскім доме – пакояў у ім было шмат.

– У двух жыла наша сям’я, яшчэ ў двух вучыліся дзеці. Астатнія пуставалі, – узгадвае Ірына Аляк­сандраўна. – Печкі даб­рот­­ныя стаялі. Прапаліш – цёпла, але калі марозы вялікія, то халаднавата было.

Побач са школай рос добры сад. Яблыкі з яго збіралі: частку вучням на абед раздавалі, другую палову – у нарыхтоўчую кантору здавалі. Як і гародніну, якую вучні і настаўнікі вырошчвалі на прысядзібным участку.

– Грошы, якія мы на гэтым зараблялі, я ўносіла на рахунак школы ў сельсавеце. За іх дзеці харчаваліся, – успамінае настаўнік.

З кожным годам дзяцей стана­вілася менш. Трымаць такую ўс­та­нову было эканамічна нявы­гад­на. І калі засталося толькі 6 на­вучэнцаў, школу выра­шылі за­крыць.

– Было гэта ў 1980 годзе. Загадчык аддзела адукацыі Леанід Уладзіміравіч Батура прапана­ваў мне месца ў пачатковай школе ў Хацілках. Паабяцаў жыллё. Аказалася – адзін ма­лень­кі пакойчык на сям’ю. Я адмо­вілася – вырашыла пайсці на пенсію. А потым прыехаў на­чальнік райфінінспек­цыі Гаў­рош і прапанаваў выкупіць бы­лы школьны будынак. Кошт яго быў невялікі – 5% ад страхавой сумы. Налічылі нам 435 рублёў, – га­ворыць былы настаў­нік.

У гэтым доме Ірына Аляксанд­раўна і жыла да 2018 года, потым купіла хату ў вёсцы.

За сваё жыццё Ірына Аляк­сандраўна выхавала і дала веды не аднаму дзясятку школьнікаў, выгадавала чацвёра сваіх дзетак.

– Усе мае дзеці добрымі вы­раслі. Адно толькі – ніхто з іх не выбраў педагагічную сцежку. Сёння ў мяне ўжо дзевяць унукаў і дзесяць праўнукаў – значыць, жыццё працягваецца! – упэўнена былы настаўнік.

5.jpg

Вучні Каценавічскай школы з М.А. Рыльковым

3.jpg

Ірына Аляксанд­раўна з сям'ёй

 

Текст: Елена Ярошевич

 
 
Па сцяжынцы да школьнага парога Страчскай школы прайшліся яе былыя дырэктары Рэгіна Лапата і Алена Канчанін
Определились дипломанты конкурса совета ветеранов и объединения профсоюзов «Творение рук – душевный дар»
Первый профсоюзный молодёжный форум в Островце. День второй
Школа молодого специалиста
Мы дружбою своей сильны и Родиной своей горды!
Островчане побывали на патриотическом форуме ко Дню народного единства
День Независимости
Экскурсия в Брестскую крепость
Па сцяжынцы да школьнага парога Дравяніцкай школы
В «Ласточке» молодёжный совет образования провёл квест для детей
Ромашковые поля c пожеланиями на лепестках дарили на День семьи в Островце
Я – педагог и патриот своей страны