+375-1591-78837  231201 ул. Пионерская, 5 г. Островец

 

Главная » Новости » 05. 04. 2022

Беларусь турыстычная: астраўчане на Іўеўшчыне

Канікул чакаюць не толькі вучні, але і настаўнікі. І не выпадкова, бо менавіта ў гэты перыяд райкам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі дапрылучае педагогаў да пазнання цікавых мясцін роднай краіны.

На вясенніх канікулах мы адправіліся ў Іўе.

Першым прыпынкам была Мураванка. Па дарозе гід паспела расказаць гісторыю Ліды, паданні пра ўзнікненне яе замка, князя Гедыміна, які заснаваў горад.

І вось мы каля царквы-крэпасці Мураванка. Зараз гэта Шчучынскі раён, святыня яшчэ вядома пад назвай Маламажэйкаўская, раней яна адносілася да вёскі Малое Мажэйкава Лідскага раёна.

Магутная пабудова, што прастаяла паўтысячы гадоў, прыняла і вытрывала шматлікія напады і асады, дзякуючы двухметровым сценам, сёння сустракае вернікаў і шматлікіх аматараў старажытнага дойлідства як дзеючая праваслаўная святыня. Нас прывітаў бацюшка, распавёў гісторыю помніка абарончага дойлідства, а таксама гісторыю цудоўнага абраза Маці Божай, дазволіў кожнаму падняцца па шрубападобнай вузенькай лесвіцы, што некалі вяла да байніц. Кожны, мог пазваніць у званы.

З сярэднявечча мы перанесліся ў ХІХ стагоддзе. Вёска. У большасці дамоў, пабудаваных у мінулым стагоддзі, відаць, жывуць людзі. Некаторыя хаты абноўлены. А воддаль стаіць нэагатычны касцёл. Гэта Старыя Васілішкі, што на Шчучыншчыне, радзіма Чэслава Немэна, аднаго з найпапулярнейшых еўрапейскіх выканаўцаў і музыкаў-авангардыстаў ХХ стагоддзя. У хаце “на два канцы”, дзе ў 1939 годзе нарадзіўся гэты знакаміты чалавек, цяпер клуб-музей. Старая аўтэнтычная будыніна, але толькі пераступаеш яе парог – і адразу разумееш, што той, хто тут нарадзіўся і пражыў 19 гадоў, прайшоў зусім не тыповы для жыхароў гэтай вёсачкі жыццёвы шлях. Стваральнікі захавалі побытавыя рэчы сям’і і вёскі. І фотаздымкі! Імі запоўнена кожная вольная кропачка сцен, адтуль з іх пазірае на наведвальнікаў багемнай знешнасці чорнавалосы, чорнабароды музыка з гітарай у руках. Уладальнік двух залатых дыскаў (а такі выпускаецца, калі тыраж прадаж дасягае мільёна!), пераможца «Еўрабачання» і шматлікіх прэстыжных еўрапейскіх музычных конкурсаў, ён стаў кумірам для некалькіх пакаленняў. Тутможна паслухаць і паглядзець відэакасеты з запісам яго выступленняў і нават сыграць на акардэоне, што некалі належаў сям’і Нэмен.

У Іўі, месцы, дзе чатыры пілоны на цэнтральнай плошчы сведчаць пра тое, што на гэтай зямлі спакон веку мірна суіснуюць людзі рознага веравызнання: католікі і праваслаўныя, ісламісты і іўдзеі. Тут дзейнічае адзіны ў рэспубліцы музей нацыянальных культур. Цудоўны! На зайздрасць нам, астраўчанам… З пачатку адкрыцця і па сёння кіруе музеем Кацярына Маскалевіч. Творчая асоба! Мала таго, што там мноства рэдкіх экспанатаў, звязаных з нацыянальнымі і рэлігійнымі асаблівасцямі жыцця татар і яўрэяў, дык яшчэ музейныя пакойчыкі аформлены так, што ты акунаешся ў атмасферу перадваеннай яўрэйскай вулачкі або стаіш у мусульманскай мячэці.

У лідскім музеі прапануюць паўдзельнічаць у традыцыйнай яўрэйскай гульні, паглядзець тэатралізаваны ўрывак пра гісторыю пасялення татар на нашых землях, нацыянальны танец развучыць і паспрабаваць нацыянальную татарскую святочную страву гальма!

Іўеўская мячэць, сустрэча з намеснікам імама (у звычайным жыцці ён настаўнік беларускай мовы і літаратуры), які расказаў пра веру мусульман, – гэта яшчэ адзін крок да паглыблення нашай талерантнасці.

Закончыўся гэты незвычайны дзень напаўненнем бутэлек з гаючай вадой і акунаннем асабліва загартаваных у купелі Міхайлаўскай царквы ў Іўі.

«И дольше века длится день…» – напісаў некалі Барыс Пастэрнак. І нам, настаўнікам, выхавацелям, музычным і іншым педагогам, а таксама некалькім настаўнікам-ветэранам пашчасціла на працягу аднаго дня адчуць сябе падарожнікамі, для якіх стагоддзі і адлегласці – нішто!




Марыя ВАСІЛЁНАК.

 
 
Па сцяжынцы да школьнага парога Страчскай школы прайшліся яе былыя дырэктары Рэгіна Лапата і Алена Канчанін
Определились дипломанты конкурса совета ветеранов и объединения профсоюзов «Творение рук – душевный дар»
Первый профсоюзный молодёжный форум в Островце. День второй
Школа молодого специалиста
Мы дружбою своей сильны и Родиной своей горды!
Островчане побывали на патриотическом форуме ко Дню народного единства
День Независимости
Экскурсия в Брестскую крепость
Па сцяжынцы да школьнага парога Дравяніцкай школы
В «Ласточке» молодёжный совет образования провёл квест для детей
Ромашковые поля c пожеланиями на лепестках дарили на День семьи в Островце
Я – педагог и патриот своей страны