+375-1591-78837  231201 ул. Пионерская, 5 г. Островец

 

Сцяжынка да школьнага парога Альгінянскай базавай школы

 

IMG_0762.jpg

Альгінянская школа
Як сцвярджае кніга «Памяць. Астравецкі раён», першая школа ў Альгінянах была адкрыта ў 1939 годзе ў маёнтку Артура Ванковіча. Яна была пачатковай – тут працавала 2 настаўнікі і вучылася 35 дзяцей. 
У час Вялікай Айчыннай вайны навучальная ўстанова была зачынена, заняткі аднавіліся пасля вызвалення раёна ў 1944 годзе. Ужо ў 1949-м у школе адкрылі 5 клас, а ў 1960-м яна стала 8-гадовай. У 1961 годзе ўзведзены новы будынак, што дало магчымасць дзецям вучыцца ў адну змену.
За час існавання школа вы­пусціла больш за 500 вы­ха­­­ванцаў, сярод якіх нямала настаў­нікаў, урачоў, спе­цыя­­лістаў сельс­кай гаспа­даркі, біблія­тэкараў, ра­бот­нікаў сіла­вых структур і пра­ва­ахоўных органаў.
– Памяць аб школе захоў­ваецца не толькі ў сэрцах яе настаўнікаў і вучняў – я была адной з іх, – расказвае старшыня раённага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Марына Кутовіч, – але і ў «Летапісе мікрараёна Альгінянскай вась­мігадовай шко­лы», які нядаўна атрымалася адшу­каць.
Летапіс гэты складзены ў 1966 годзе – і яшчэ жывуць настаўнікі, якія помняць почырк тых, хто вёў гэты своеасаблівы дзённік школы.

 Давайце пазнаёмімся
– Сёння ўжо ніхто і не раскажа, калі ў Альгінянах адкрылася першая школа. Але дакладна ведаю, што мой бацька вучыўся ў ёй, – узгадвае ветэран педагагічнай працы Мар’ян Казіміравіч Навіц­кі.
Мужчына і яго жонка Зінаіда Антонаўна сёння жывуць у Кялёйцях. Мар’ян Казіміравіч – з мясцовых: тут нарадзіўся, хадзіў у школу, працаваў. А Зінаіда Антонаўна прыезджая, але яе тут палюбілі і дзяўчына хутка стала для аднавяскоўцаў сваёй.
– Я нарадзілася ў Смаргонскім раёне, у роднай вёсцы Глінна скончыла пачатковую школу, потым вучылася ў Бальшэмыскай 7-годцы, затым у Смаргонскай сярэдняй школе №3, пасля якой паступіла ў 11 педклас школы №13 г. Гродна, – расказвае Зінаіда Навіцкая. – З дзяцінства марыла быць настаўніцай, на­пэўна, таму, што любіла сваю першую настаўніцу. Яна была прыгажуняй і вельмі пра нас клапацілася.
Пасля заканчэння педкласа Зі­наіда Антонаўна паступіла на завочнае аддзяленне пед­інсты­тута і па накіраванні адпра­вілася на Астравеччыну.
– Спачатку накіравалі мяне ў Філіпанскую 8-гадовую школу, а літаральна праз 2 тыдні – у Рукшанскую пачатковую, – расказвае жанчына. – Сказалі, што знаходзіцца яна побач з Гудагаем, паказалі, у які бок трэба ісці, – і я адправілася на новае месца працы.
Праўда, Рукшаны былі не на­столькі блізка ад Гудагая, як ду­мала маладая настаўніца. Ідучы, яна збілася з дарогі – знайсці патрэбнае месца дапа­маглі мясцовыя. 
– Там я адпрацавала 2 гады. Пасябравала і з дзецьмі, і з моладдзю, і са старэйшымі людзьмі – мы сталі адной сям’ёй. Падабалася мне там, – гаворыць ветэран працы. 
Потым настаўніцы зноў прапа­навалі новае месца – на гэты раз у Альгінянах. Тут Зінаіда Анто­наў­на знайшла свой лёс: пазнаё­мілася з будучым му­жам Мар’я­нам Ка­зі­міравічам На­віцкім. Хутка стала для дзяцей лю­бімай настаў­ніцай рускай мовы і літаратуры, а потым і ўзначалі­ла Альгінянскую школу.
– У мяне са школы засталіся самыя лепшыя ўспаміны, – узгад­вае яе былая вучаніца Марына Кутовіч. – Па-першае, мы былі вельмі дружнымі: дзеці і настаўнікі разам даглядалі агарод, капалі бульбу, працавалі на добраўпарадкаванні школы. Па-другое, нам давалі настолькі трывалыя веды, што ўсе, хто пераходзіў у гарадскую школу, былі медалістамі.
– У чым крыецца такі сакрэт паспя­ховага навучання? – задум­ваец­ца Зінаіда Антонаўна. – На­пэўна, у тым, што мы любілі тое, што рабілі, а таксама тых, каго ву­чылі. Заўсёды хацелася быць лепшымі.
І Альгінянская школа сапраўды была такой.
– Вы б бачылі, як мы рыхтавалі школу да новага навучальнага года: разам мылі, чысцілі, фарбавалі, – гаворыць былы настаўнік Мар’ян Навіцкі. 
Для яго, дарэчы, школа не адразу стала сэнсам жыцця.
– Мой брат быў настаўнікам. Я прыйшоў сюды выпадкова – жыццё так склалася, – узгадвае Мар’ян Казіміравіч. – Працаваў у сельскай гаспадарцы, а потым скончыў педінстытут – і прыйшоў у школу.
Пра тое ніколі не шкадаваў – з дзецьмі хутка знайшоў і агульную мову, і агульныя інтарэсы.
– У маім класе было толькі 4 вучні – да кожнага быў інды­відуальны падыход, – узгадвае Марына Мар’янаўна. – Я ўдзячна ўсім настаўнікам. І сёння помню цудоўныя ўрокі Зінаіды Антонаўны, мы чыталі ўсе творы па рускай літаратуры – таму што яна ўмела нас зацікавіць. І рускую мову добра ведалі – граматнасць нам прывівалі з дзяцінства. 

IMG_0769.jpg

Славіцца школа выпускнікамі 
Бясконца бягуць успаміны пра вучобу і школу, работу на пры­сядзібным участку, спар­тыў­нае абсталяванне, якое дырэктар везла з Вент­спіл­са, падрыхтоўку да новага года і конкурсы мастацкай сама­дзейнасці сярод дзяцей і дарослых – у іх Альгі­нянская школа часта была ў ліку лепшых. 
І, канешне, пра выпускнікоў. Іх – таленавітых, актыўных, праца­вітых – было шмат. І сёння яны ўносяць уклад у развіццё раёна і краіны.
– Лілія Вакулік, Лілія Мікліс, Руслан Навіцкі,  Юра Вайткевіч, Аксана Юркойць, Марына Юркойць, Людміла Стэх, Марына Іваніцкая... Пра кожнага магу расказваць гадзінамі, – усмі­хаецца Зінаі­да Антонаўна. – А нядаўна знайшла сачыненне Генрыха Волчака «У свеце музыкі» – тады ён яшчэ толькі разважаў пра музыку, а ўжо колькі гадоў аддаў працы з дзецьмі, каб навучыць іх чуць чароўныя гукі!
– Дзеці былі добрыя, нераўна­душныя, яны цікавіліся ўсім, – працягвае Мар’ян Казіміравіч. – Па праўдзе кажучы, у школе не было ніякіх умоў: вада ў кало­дзежы, туалет на дварэ, дабіраліся на заняткі хто як мог: пешшу, на калгаснай машыне, аўтобусе. Але ўсё рабілі разам і дружна.

1966 год
У школе каля 100 вучняў. Асіг­на­ванні на народную адукацыю ў гэты год склалі прыблізна 14,9 тысячы рублёў.
У школе працуе 8 настаўнікаў, 4 з якіх маюць вышэйшую адукацыю, 4 – сярэднюю спецыяльную.

Хто вучыў і даваў веды
– Помню дырэктара Івана Фя­до­­савіча Іванова – працаваў ён у Альгінянах дзесьці да 1956 года, – працягвае Мар’ян Навіц­кі. – Працавала ў нас сям’я Дзяргачовых са Смаленшчы­ны – праўда, доўга не затры­малася, вярнуліся на радзіму. Нейкі час дырэктарам быў Пырачкін.
Потым школу ўзначаліла Ніна Серафімаўна Шушкевіч. Пасля яе дырэктарамі працавалі Франц Іг­на­тавіч Вяржбіцкі, Данута Іва­наўна Копач. 
– А пасля таго як Данута Іва­наў­на вярнулася на радзіму ў Гро­дзен­скі раён, кіраваць школай пра­­панавалі мне, – расказвае Зі­наі­да Антонаўна. – Было гэта ў 1982 го­дзе. Я ўжо была цяжар­най, але працавала да апошняга дня. Многія смяяліся, што нараджу каля дошкі.
Настаўнікі мяняліся часта. Адны прыязджалі на адпрацоўку, а пасля вярталіся ў родныя мясці­ны, другіх пераводзілі ў іншыя школы раёна. Але, па сло­вах Навіцкіх, у калектыў усе навічкі ўліваліся хутка – жылі адной дружнай сям’ёй.
– Наша піянерская дружына насіла імя Юрыя Гагарына, – уз­гад­­вае вучнёўскія гады Марына Кутовіч. – На 2-м паверсе раз­мя­шчаўся піянерскі пакой, у якім вісеў партрэт першага касма­наўта. А якая цудоўная ў нас была піянерважатая – Іна Худалеева!
– Яна, дарэчы, была плямен­ніцай сакратара ЦК КПБ Мікалая Дземянцея, але прыехала працаваць у звычайную вясковую школу, – гаворыць Мар’ян Казіміравіч. – Дзецям з ёй было вельмі цікава – усё ж тады было моцнае піянерскае выхаванне: слабейшых падцягвалі мацнейшыя, адзін аднаму ва ўсім дапамагалі, імкнуліся стаць лепшымі.

Дапамагалі словам і справай 
Дапамогу і вялікую падтрымку школе аказваў спонсар – ім на той час быў калгас «Чырвоны Кастрычнік». Яго старшыня Часлаў Рынкевіч некалі таксама вучыўся ў Альгінянскай школе.
– Яны нам заўсёды дапамагалі школу да 1 верасня рыхтаваць. Помню, як дружна залівалі дарожку. А бульбу як капалі! Для школы гэта было добрае падспор’е – бульба ішла на школь­ныя абеды, а дзеці частку грошай атрымлівалі, – гаворыць былы ды­рэктар.
Падтрымліваў калгас і выдат­ні­каў вучобы, арганізоўваў для настаўнікаў і школьнікаў паездкі.
– Мы аб’ездзілі практычна ўсю Беларусь, былі ў Калінінградзе, Каўнасе, Вільнюсе, Ленінградзе. Збіраліся ў Маскву, але не паспелі – пачаўся распад Савецкага Саюза. Шкада, што школу закрылі. Але яна жыве ва ўспамінах тых, хто там вучыўся і працаваў, – лічаць Навіцкія.
Да таго ж Альгінянская школа атрымала другое жыццё: сёння  тут размешчана эка-сядзіба.
 


 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Островецкая правда» по короткой ссылке https://t.me/ostrovetsby.

Телеграм-канал «Островецкая правда»  – всё самое интересное из жизни Островца и Островецкого района. 

 

 

 

Подписывайтесь на телеграм-канал «Гродно Медиа Group» по короткой ссылке t.me/GrodnoMediaGroup.

Телеграм-канал «Гродно Медиа Group» – это ежедневные новости районов Гродненской области и города Гродно.


 

Текст: Елена Ярошевич
Фото: Елена Ярошевич