+375-1591-78837  231201 ул. Пионерская, 5 г. Островец

 

Па сцяжынцы да школьнага парога Алясінскай школы прайшлі яе вучаніца Галіна Юцкевіч і настаўнік Ніна Козіч

Напэўна, кожны з нас у любымузросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.

Наш сумесны з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праект “Сцяжынка да школьнага парога” прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся. 

Успомніць дзяцінства і першыя гады працы ў Алясінскай васьмігадовай школе мы папрасілі яе былых вучаніцу Галіну Юцкевіч (Гродзь) і настаўніка Ніну Козіч.

Расказвае Галіна Юцкевіч (Гродзь):

– Алясінская школа змяшчалася ў былым панскім маёнтку. Стаяў ён на ўлонні прыроды – вакол было вельмі прыгожа. Гэта быў райскі куток.  На жаль, у мя­не не захавалася нават здымка гэтай школы. Фатаграфаваліся тады ў асноўным на фоне дрэў, ці на ганку, але самога будынка не відаць. 

Алясіна была хутарам. Тут стаяў будынак школы, якая была васьмігадовай. У ім раз­мяш­чаліся сталовая, настаў­ніцкая, 6 класных кабі­нетаў. Побач стаяла хата – у ёй жыў дырэктар, а ў другім канцы будынка былі майстэрня і спартыўная зала.

Я пайшла ў школу ў 1981 го­дзе. Першай маёй настаўніцай стала Лідзія Міхайлаўна Юшчук. У нашым класе вучылася чатыры чала­векі: я, Лена Дарашкевіч, Алік Анд­­раловіч, Марына Часнойць. Пазней Валера Далговіч да нас у клас прыйшоў. 

У 5-м класе класным кіраў­ніком у нас была Валянціна Аляк­сандраўна Гродзь. Некалі мала­дым спецыялістам яна прыехала па размеркаванні ў Алясіну – здаецца, што было гэта ў 1975 годзе. Потым выйшла замуж у Кумпяны – тут і засталася.

Лепшай класнай цяжка ўявіць. У нашым класе вучыліся дзе­ці з Кумпян і з Паракіцяў – і мы для яе былі як родныя дзеці. Яна і сёння для мяне як другая ма­ма, з якой можна падзяліцца набалелым і радасцямі. І цяпер мы знаходзім час, каб за кубкам гарбаты ўспомніць пра школу, нашых настаўнікаў і вучняў.

У 6-7 класе да нас прыйшла расіянка Наташа Баранава. Яе маці Ніна Аляксееўна настаўніцай працавала. Клас наш быў моцным. І дружным. Мы былі актывісты і працаваць любілі. Стараліся ва ўсім быць першымі – і на ўборцы тэрыторыі, і на капанні бульбы, і ў пасадцы леса.

За кожным класам была зама­цавана школьная тэрыторыя. Восенню і вясной праходзіў конкурс на самую чыстую і прыгожую тэрыторыю – мы стараліся быць пераможцамі.

А якія святы ў нашай школе арганізоўвалі! Я і сёння іх помню. Асабліва школьны баль «Залатая восень»! Як мы яго чакалі! Залу ўпрыгожвалі выразанымі і пафарбаванымі лістамі, а на падлогу высыпалі некалькі посцілак сухога лісця – якая ж гэта была радасць: ідзеш па падлозе, а пад нагамі шабуціць! І праграму цудоўную рыхтавалі! А потым разам усё прыбіралі.

На свята да нас прыязджаў і старшыня саўгаса імя Мічурына Валянцін Балабановіч. Школа заўсёды супрацоўнічала з саў­га­­сам: капалі бульбу, палолі і рвалі буракі, лён падымалі – рабілі ўсё, што папросяць. І нам гэта падабалася, і саўгасу дадатковыя рукі лішнімі не былі.

З канцэртамі хадзілі на ферму, выступалі для мясцовых жы­хароў у клубе – ім загадвала Ядвіга Баляславаўна Зорына. Да яе дзеці ішлі з вялікім жаданнем.

Зімой у школе праводзілі конкурс снежных фігур, разма­лёў­валі іх фарбамі – кожны стараўся зрабіць як найпрыгажэй! 

У Алясінскую школу хадзілі дзеці са Смілгоў, Паракіцяў і Кумпян. Дабіраліся па-рознаму: калі пешшу, калі на рэйсавым аўтобусе – ён хадзіў тры разы на дзень. А потым пры падтрымцы саўгаса падвоз арганізавалі – ездзілі на крытай машыне. Вадзіцелем быў Іван Андраловіч з Кумпян. Гэта была для дзяцей самая вялікая радасць. Праўда, падвозілі толькі ў школу. 

Запомніліся і школьныя абеды – якія ж яны смачныя былі! Наш повар Тэрэса Іосіфаўна Ярмаковіч была сап­раўднай гаспадыняй! Помняцца і тэхнічкі Паліна Савёнак і Яніна Грышанава, якія палілі печкі і прыбіралі класы.

Але больш за ўсё я ўдзячна нашым настаўнікам, яны былі для нас самымі роднымі людзьмі, і цяжка падабраць словы, каб выказаць усю любоў да іх і ўдзячнасць за веды і ўрокі жыцця.

Старшай піянерважатай працавала Ніна Іванаўна Козіч. Я была старшынёй піянерскай дружыны імя Паўліка Марозава. І сёння помню здачу рапарта да розных святаў і па розных тэмах – было вельмі хвалююча і адказна. 

Нашы настаўнікі прыгожа апра­наліся – мы ўжо падлеткамі былі і сачылі за модай. І зайздрос­цілі ім. Да гэтага часу я помню, у якіх уборах яны хадзілі.

Яшчэ помніцца, як змянялася школа. Спачатку ў класных кабі­нетах былі пабеленыя сцены, потым ніжнюю палову аббілі дрэвам, а верхнюю – пафарбавалі, пазней сталі клеіць шпалеры. 

Калі школа згарэла – пажар здарыўся зімой дзесьці ў 1996 годзе, – дзеці да канца навучальнага года давучваліся ў доме дырэктара – ён на той час ужо пуставаў. А потым вучняў перавялі ў Градаў­шчызненскую вась­мі­гадо­вую школу.

Расказвае Ніна Козіч:

– Раней у кожнай установе вялі летапісы школы і піянерскіх дру­жын. На жаль, многія з іх сёння страчаны. Рабілі такія і мы з дзець­мі. Нашы летапісы згарэлі падчас пажару ў Алясін­скай школе. 

Я прыехала на Астравеччыну ў 1983 годзе. Па спецыяльнасці месца мне не знайшлося – прапанавалі працу ў школе глуханямых. Я спалохалася – адмовіла. Вырашыла ехаць у якую-небудзь вясковую школу – прапанавалі Астравецкі, Смаргонскі ці Ашмянскі раёны. А мне галоўнае, каб чыгунка побач была – так дамоў прасцей дабірацца. Начальнік аблАНА па­раіў Астравец – і я пагадзілася.

Села на аўтобус – і не туды прыехала. Выйшла ў Мішкуцях – і не ведаю, што рабіць і куды ісці. Сустрэла жанчыну на веласіпедзе, яна сумку маю пагрузіла на багажнік і давяла да школы.

Было гадзін 8-9 вечара. І тут з-за будынка выходзіць жанчына з вядром у гумовых ботах. Я запытала, дзе дырэктара знайсці. А гэта якраз Марыя Геранімаўна Шушкевіч аказалася. Вельмі добрым была чалавекам, паесці мне прапанавала, а потым пасяліла мяне ў Смілгах. 

Першы рабочы дзень пачаўся са знаёмства з калектывам. Адна з настаўніц – Лідзія Міхайлаўна Юшчук – як і я, была з Магілёўскай вобласці, больш таго, нашы родныя вёскі былі недалёка адна ад адной. Жанчына абняла мяне, прытуліла – і я адчула, што тут мне будзе доб­ра. Так і было.

Спачатку жыла на здымнай ква­тэры, а потым сельсавет – яго ўзна­чальвала Вольга Іванаўна Карсюк – купіў для настаўнікаў два домікі. Там пасяліліся муж і жонка Клімянкі, Таццяна Зыг­мундаўна Вайшнаровіч (Бра­­він­ская), Ніна Тадэвушаўна Ма­жэй­­ка (Азевіч) і я. Начальнік РАНА Леанід Батура дапамог з ха­ла­дзільнікам, газавай плітой – жыц­цё стала наладжвацца.

Наш калектыў быў вельмі друж­ным: ніхто не дзяліўся на настаўнікаў, тэхнічак і работнікаў сталовай – усё рабілі сумесна. А які цудоўны ў нас быў повар – Тэрэса Іосіфаўна Ярмаковіч. Якія абеды яна гатавала! Гэта быў сапраўдны цуд – з нічога магла прыгатаваць шыкоўны стол!

Была ў школе гаспадарка, вялікі агарод і кветнікі – і мы ўсе на іх працавалі.

Працуючы ў Алясінскай школе, я ўступіла ў партыю. У калгасе парторгам працаваў Рычард Іванавіч Лукша. Ён часта прыязджаў з агіта­цыяй да настаўнікаў – і аднойчы сагітаваў мяне ўступіць у партыю. Як я рыхтавалася да гэтай падзеі!

Акрамя таго, мы былі актыўнымі донарамі – за здачу крыві адгул давалі і талоны. Я адгулаў набяру – і дамоў тады магу з’ездзіць 

Школа наша была невялікая: дзяцей вучылася каля 30. Але наколькі яны былі працавітымі. Вядома ж, вясковыя звыклыя да любой работы.

Мой клас быў самым вялікім – у ім вучылася 11 дзяцей: Вадзім Вянгроўскі, Анжэла Пясляк, Пётр Ярмаковіч, Валера Пясляк, Гена Дубіцкі і іншыя. А яшчэ Аня Сат­кевіч – яна хадзіла ў нулявы клас, але вучылася з маімі перша­клас­нікамі. Вельмі старанная дзяў­чынка была! 

У астатніх класах было па 4-6 дзяцей. І гэта добра – рыхтавацца школьнікам трэба было штодзень, усіх запытаюць – не сачканеш.

А потым я старшай важатай стала, гадзінамі чарчэння і геаграфіі мяне дагрузілі. 

Піянерская работа для мяне была цікавай – і дзецям падабалася. Якія ў нас былі саветы дружын!  На мой погляд, з таго часу многае згубілі. Толькі ўявіце: за дрэнныя паводзіны ў піянера маглі забраць гальштук – гэта быў сорам на ўсю школу. А потым трэба было зноў заслужыць гонар яго насіць.

У Алясіне адпрацавала тры гады – і вырашыла ехаць да сястры ў Маскву. Толькі што ў той сталіцы?! Памыкалася-памыкалася – і назад вярнулася. Як і абяцала, Марыя Геранімаўна ўзяла мяне назад у школу – і я была рада, што зноў вярнулася ў родную сям’ю Алясінскай школы. Да 1989 года працавала тут – а потым замуж выйшла і Марыя Геранімаўна знайшла месца мне ў Астраўцы, у Доме піянераў.


Настаўнікаў у Алясінскай вась­мігодцы было няшмат. Ніна Козіч і Галіна Юцкевіч успамінаюць дырэктара Марыю Геранімаўну Шушкевіч, настаўнікаў пачатковых класаў Лідзію Міхайлаўну Юшчук, Валянціну Іосіфаўну Базюк, гісторыкаў Пятра Фёдаравіча Юшчука, Аляксандра Іванавіча Юшчука, Ніну Тадэвушаўну Мажэйка, настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры Валянціну Аляксандраўну Гродзь, Іаланту Іосіфаўну Замара, якая працавала яшчэ і старшай важатай, фізіка Ігара Рыгоравіча Клімянка, настаўнікаў матэматыкі Галіну Уладзіміраўну Клімянок, Мечыслава Віктаравіча Рынковіча, які пазней стаў дырэктарам гэтай установы, настаўнікаў рускай мовы і літаратуры Ганну Баляславаўну Дарашкевіч, Ніну Арцёмаўну Лазараву, Зою Рыгораўну Куркуль, Ірыну Іванаўну Дарашкевіч, настаўніка нямецкай мовы Таццяну Зыгмундаўну Вайшнаровіч (Бравінскую), фізкультуры Рамана Раманавіча Грыву, Валерыя Сяргеевіча Блахіна, а таксама Наталлю Вацлаваўну Рынковіч і Марыну Віктараўну Пагада.

– У большасці настаўнікаў былі асноўныя гадзіны па прадмеце, у нагрузку давалі і пару гадзін дадатковых прадметаў – маляванне, спевы і іншыя, – успамінае Ніна Козіч. – У Алясінскай школе нейкі час працавалі Ванда Міхайлаўна Вайшнаровіч, Тэрэса Пятроўна Грыневіч, Марыя Віктараўна Мацкевіч, Станіслаў Дзянісавіч Пашкоўскі – многія з іх былі мета­дыстамі і супрацоўнікамі аддзела адукацыі, а ў суботу мелі магчымасць весці гадзіны ў школе. Упэўнена, што кожны, каго лёс звёў з гэтай школай, успамінае яе і сёння. І ўспаміны гэтыя самыя светлыя і радасныя! 


Калектыў Алясінскай школы, 1982 год: М.В. Рынковіч, Г.Б. Дарашкевіч, М.Г. Шушкевіч, В.А. Гродзь, імя жанчыны невядома, І.І. Замара, Л.М. Юшчук, П.Ф. Юшчук

Н.І. Козіч з 6-м класам

Текст: Елена Ярошевич