_____________________________________
З людзьмі і для людзей
+375-1591-78837 231201 ул. Пионерская, 5 г. Островец
Праект «АП» і РК работнікаў адукацыі і навукі «Сцяжынка да школьнага парога» прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.
Маё знаёмства з Завідзіненцкай школай было завочным. Расказаць пра яе вырашыла ветэран педагагічнай працы Людміла Іванаўна Кухарэвіч, якая да таго ж прынесла ў рэдакцыю пісьмо Марыі-Вікторыі Францаўны Лаўрыновіч, таксама былога настаўніка.
З гісторыі школы
З кнігі «Памяць. Астравецкі раён» вядома, што школа ў Завідзінентах была ўзведзена ў 1890 годзе. Падчас Першай сусветнай вайны, прыкладна ў 1916 годзе, будынак згарэў. У новым памяшканні заняткі аднавіліся ў 1922 годзе.
Да 1962 года школа была сямігадовай, затым яе рэарганізавалі ў васьмігадовую. З 1 кастрычніка 1981-га ўстанова стала базавай школай-садам.
У розны час дырэктарамі працавалі Міхаіл Васільевіч Бохан (1950-1952), Наталля Ягораўна Буслаева (1953-1954), Алена Іосіфаўна Драган (1955), Антаніна Іосіфаўна Тарасевіч (1957 – 1959), Рыгор Андрэевіч Супрун (1959 – 1960), Любоў Міхайлаўна Кісялёва (1960-1967), Васіль Платонавіч Курловіч (1967-1973), Яўген Уладзіміравіч Чабатароў (1973 –1980). З 1981 года педагагічны калектыў узначальвала Леангіна Іванаўна Мацкела.
З фотаальбома «Сістэма адукацыі Астравецкага раёна» вядома, што ў 2004-2005 навучальным годзе ва ўстанове было 39 вучняў і 5 дашкольнікаў. Усяго было створана 7 класаў-камплектаў.
На павышаным узроўні тады школьнікі вывучалі рускую мову ў 8 класе і матэматыку ў 9-м.
У школе-садзе працавала 9 настаўнікаў і 1 выхавацель, з іх 6 мелі вышэйшую адукацыю, двое вучыліся завочна ў БДПУ імя Максіма Танка.
Ва ўстанове на той час была распрацавана выхаваўчая праграма «Я – грамадзянін», якая мела патрыятычны, маральны, эстэтычны, экалагічны накірункі. Займаліся дзеці і па праграме «Здаровы лад жыцця».
Завідзіненцкая школа, 1966 – 1967 гг.
Расказвае Людміла Іванаўна Кухарэвіч:
– За сваю доўгую педагагічную працу мне давялося папрацаваць у розных школах – у тым ліку і ў Завідзіненцкай васьмігадовай, якой я аддала тры гады. Жыла на кватэры ў Ірыны Сухарэўскай, разам з яе сям’ёй сталавалася, а кожную суботу ездзіла дадому.
У Завідзіненты я прыехала пасля вялікай бяды – пажару, падчас якога ўсё, што было нажыта маёй сям’ёй, згарэла ў адзін летні дзень. Не засталося ні мэблі, ні пасцельнай бялізны, ні адзення-абутку. І я, як казаў мой свёкар, «голая, босая і богу праціўная» з’явілася ў калектыве Завідзіненцкай школы.
Настаўнікі прынялі мяне з поўным разуменнем маёй сітуацыі, а дырэктар Васіль Платонавіч Курловіч дапамог з вучэбнай нагрузкай: выкладала рускую мову і літаратуру, спевы, пры патрэбе замяняла іншых настаўнікаў.
Калектыў установы тады быў малады, актыўны, творчы. Я пасябравала з настаўніцай беларускай мовы і літаратуры Ірынай Эдуардаўнай Падгайскай.
Моладзі ў вёсцы было нямала, клуб працаваў актыўна. Ды і ў школе мы праводзілі шмат мерапрыемстваў: піянерскія зборы і прадметныя вечары, удзельнічалі ва ўсіх раённых святах.
Дзеці былі разумныя, актыўныя, працавітыя. Яны з радасцю ўключаліся ва ўсе школьныя справы.
Я з вялікай павагай успамінаю Тамару Рыгораўну Ільменскую, Ірыну Генрыхаўну Шулюк, Генрыха Мілаша і Марыю Францаўну Лаўрыновіч.
З Марыяй Францаўнай я падтрымліваю сувязь і цяпер. А нядаўна яна даслала цікавыя фотаздымкі школьнай пары і ўспаміны пра працу ў Завідзіненцкай школе.
Настаўнікі Завідзіненцкай школы, 1965 г. Зверху злева: Сяргей Іванавіч Норка са Свіры, загінуў на возеры, ратуючы двух падлеткаў з лодкі, якая перавярнулася; трэцяя злева – дырэктар школы Любоў Міхайлаўна Кісялёва.
З успамінаў Марыі-Вікторыі Францаўны Лаўрыновіч:
«Я нарадзілася ў 1935 годзе і да 17 гадоў жыла на маляўнічым хутары каля вёскі Павілойці Ашмянскага раёна. Потым адправілася за адукацыяй – і ў 1956 годзе па размеркаванні трапіла ў Свірскі раён.
Пачынала ў Падольскай пачатковай школе. Праўда, адпрацавала там усяго 5 месяцаў. Школа месцілася ў звычайнай вясковай хаце, ды і гаворка мясцовая была нязвыклая: «хочу», «гавору», «роблю». Да райцэнтра – тады ён быў у Свіры – таксама было далекавата: 30 кіламетраў, але аўтобусы не хадзілі. А да Завідзінентаў – усяго 5 кіламетраў, а побач – прыгожае Свірскае возера. І вёска вялікая: цэнтр калгаса «Зара» ў ёй размяшчаўся, быў магазін, а вуліца, як страла, прамая, па абодва бакі яе – 5 шматвекавых дубоў. І таму я з задавальннем прыняла прапанову перайсці ў мясцовую сямігодку.
Педагагічны калектыў быў добры – працавалі ў асноўным вопытныя настаўнікі, якія прыязджалі са Свіры. Дырэктарам тады была сімпатычная дзяўчына Антаніна Іосіфаўна Тарасевіч.
Напачатку я працавала настаўніцай рускай мовы ў 5-7 класах, «дагрузілі» яшчэ і пачатковымі класамі – 1-м і 3-м. Яшчэ і харавы гурток даручылі весці. Разам з піянерважатай мы вазілі дзяцей з канцэртамі па навакольных вёсках – выступалі ў Хацілках, Дабраўлянах і ў сваім клубе.
Настаўнікі таксама ўдзельнічалі ў мастацкай самадзейнасці. А калі быць больш дакладнай, то арганізоўвалі канцэрты, перад якімі чыталі лекцыі ці даклады. Народу звычайна збіраўся поўны клуб, часам нават месцаў не хапала. Ды і святы – пачатак і заканчэнне навучальнага года, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, Новы год, Дзень Савецкай Арміі, 8 Сакавіка, дні нараджэнні педагогаў – таксама адзначалі калектыўна.
Настаўніцкі калектыў абнаўляўся штогод – хтосьці выбываў, хтосьці прыязджаў. Адпрацавалі і выехалі Раіса Аляксееўна Троіцкая, Таіса Васільеўна Шышко, Людміла Іванаўна Ільінская-Кухарэвіч, Сяргей Іванавіч Норка, Рыгор Андрэевіч Супрун, Тамара Рыгораўна Ільменская, муж і жонка Чабатаровы. Памерла Ірына Генрыхаўна Шулюк (Стаповіч), якая была родзічкай Казіміра Сваяка, Васіль Платонавіч Курловіч, Любоў Міхайлаўна Кісялёва.
Да апошніх дзён існавання школы засталіся ў ёй Леангіна Іванаўна Мацкела (апошні дырэктар), Тарэса Ігнацьеўна Сяргей, Яніна Іванаўна Вайнілка, Віктар Іосіфавіч Мацкела, І.І. Мацкела.
І толькі я і Яніна Іванаўна Вайнілка засталіся ў вёсцы, якая стала нам самай роднай і самай дарагой».
Вось такі сумны ліст я атрымала ад Марыі Францаўны Лаўрыновіч, ветэрана педагагічнай працы, якая была ўзнагароджана Пахвальнай граматай аблАНА і абкама прафсаюзаў (1972 г.), медалямі «За доблестный труд» (1970) і «Ветеран труда» (1988).
Падумалася: колькі настаўнікаў, яркіх, цікавых і таленавітых, працавалі тады ў невялікай вёсачцы. А колькі тады ў Астравецкім раёне было такіх сямігодак-васьмігодак, дзе педагогі самааддана аддавалі дзецям любоў і веды, выхоўвалі патрыётаў сваёй старонкі. Я з вялікай павагай схіляю галаву перад настаўнікамі таго, пасляваеннага, часу, якія і для нас, цяперашніх ветэранаў, з’яўляюцца прыкладам адданага служэння Радзіме.
Завідзіненцкая школа, 1986 – 1987 гг.