_____________________________________
З людзьмі і для людзей
+375-1591-78837 231201 ул. Пионерская, 5 г. Островец
Напэўна, кожны з нас у любым узросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.
Праект «АП» і РК работнікаў адукацыі і навукі «Сцяжынка да школьнага парога» прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.
З гісторыі школы
Калі пачалася гісторыя Ізабелінскай пачатковай школы, ніхто не ведае. Старажылы гавораць, што спачатку ў аднайменнай вёсцы была польская школа, якая пасля аб’яднання Беларусі стала беларускамоўнай. Па версіі адных, размяшчалася яна ў былым панскім маёнтку Драбарта, другія сцвярджаюць, што была яна ў іншым доме.
Сёння на беразе Лошы яшчэ стаіць частка былога будынка пасляваеннай школы. Дом хтосьці выкупіў, каб, напэўна, абуладкаваць тут утульнае сямейнае гняздзечка. А значыць, у школьнай установы цяпер будзе новае жыццё.
З расповеду былой вучаніцы Ірыны Антонаўны Герасім (Пятроўскай):
– Нарадзілася я ў Ізабеліна. Бацькоўская хата стаяла ў пачатку вёскі. У жніўні 1953 года мне споўнілася 6 гадоў – і ўжо ў верасні я пайшла ў школу.
Школа стаяла за рэчкай. Хадзілі мы да яе праз кладку – так было хутчэй. Спачатку бацькі вадзілі, а потым самі ўжо дабіраліся. Падчас паводкі ў школу бацькі па чарзе перавозілі нас на лодцы. Пешшу хадзіць было далекавата. А рэчка была шырэйшая – і вады ў ёй было больш, чым цяпер. Тыя школьнікі, хто ў Мацканах жылі ці ў другой частцы вёскі, што бліжэй да Янаўскага вадасховішча, хадзілі па дарозе.
У Ізабеліна многа дзяцей вучылася. Казалі, што школа месцілася ў былым панскім доме – раней Драбарт тут жыў.
Настаўніцай працавала Маслоўская, здаецца, Таццянай яе звалі, – пажылая ўжо жанчына была, але жыла яна адна. Адначасова вучыліся 1-шы і 2-гі класы – сядзелі па два бакі памяшкання.
Якая ж у нас добрая настаўніца была! Пакіне нас пасля ўрокаў – а нам есці хочацца. Дык яна загадзя напякала белых бліноў, мазала іх маслам і пасыпала цукрам. І нам так падабалася заставацца пасля ўрокаў, ды не для таго, каб нешта вывучыць, а каб настаўніца нас пакарміла. Правучыла яна нас толькі год, а тады недзе з’ехала.
А потым прыйшоў настаўнік па прозвішчы Кашлач. Васіль яго звалі, а імя па бацьку таксама ўжо і не ўспомню. Прыехаў ён у вёску з жонкай і сынам. Таксама жылі ў школе. Ён быў ваенным. Мы тады ўжо вучыліся ў другім класе. Памятаю, зайшоў да нас высокі прыгожы мужчына, прысеў на край стала. Штаны галіфэ новыя, боты добрыя…
– Давайце знаёміцца, – кажа. – Назавіце вашы прозвішчы. А для нас, вяскоўцаў, прозвішча – гэта мянушка. Хто як каго абзываў – так і гаварыць сталі.
Нас Калтуны звалі: мая прабабуля мела густыя курчавыя валасы, і быў калтун збіты на галаве – адсюль і мянушка. Стрыечную сястру – Калаша, Пятроўскага – Вукала…
Настаўнік усіх выслухаў, а ў двух класах чалавек 18 было, а потым узяў класны журнал і гаворыць: «З мянушкамі вашымі пазнаёміўся, а цяпер фаміліі, імена і отчества называйце». Смеху было на ўвесь клас.
Старэйшых школьнікаў, 3 і 4 клас, вучыла Вера Антонаўна Міжыгурская. А прыбірала памяшканні і паліла печку жанчына па прозвішчы Аўгусціновіч.
У будынку школы было некалькі памяшканняў. У адным вучылі 1-шы і 2-гі класы, у другім – 3-ці і 4-ты. У калідоры стаяла вешалка, дзе мы распраналіся. А праз яго жылі настаўнікі.
Памятаю, як мы ўступалі ў піянеры. Вясной было гэта, на вуліцы цёпла. І так у горн трубілі, што за рэчкай чуваць было. Я калі дамоў прыйшла, маці спытала, што ў нас за свята такое было, што музыка грала.
Школьнай формы ў той час не насілі – хадзілі ў тым, хто што меў. Ужо пазней, калі перайшлі ў Альгінянскую школу, у дзяўчат з’явіліся сукенкі і фартушкі, а ў хлопчыкаў – касцюмы.
Разам са мной вучыліся мясцовыя, з Ізабелін: Паліна Карпіцкая (Герасім), Бярнард Пятроўскі, Данута Мілейша, Казімір Іваніцкі, а таксама мацканскія дзеці: Геня, Рычард, Франц, Хрысціна Грамбоўскія.
Памятаю, што каля школы былі дзве магілы – казалі, што ў іх салдаты пахаваны. Мы часта на перапынках збіралі кветкі – іх шмат каля школы расло – і клалі на пахаванне. Чые тыя магілы былі, ніхто не расказваў. Адны гаварылі, што польскія, іншыя – што нямецкія.
Старэйшыя людзі казалі, што падчас Першай сусветнай вайны, у 1918 годзе, тут таксама баі былі: з аднаго боку вёскі адны стаялі, з другога – іншыя. Тата расказваў, што яго бацька ехаў з Ашмян на кані і падчас перастрэлкі яму шрапнелем знесла частку галавы – ён загінуў.
Тэрыторыя школы прыгожая была. Побач з будынкам раслі елачкі. А крыху далей ад школы поле было – на ім турыстычныя злёты ладзілі: піянерскія, школьныя, калгасныя і нават раённыя.
Казалі, што да вайны школа была польская – размяшчалася яна ў доме Іры Раткевіч. У ёй вучыліся мае старэйшыя сёстры-браты. Настаўніцы таксама палячкі былі, кватаравалі яны ў мясцовых жыхароў, а потым выехалі.
Пасля Ізабелінскай пачаткоўкі вучні ішлі ў 5 клас у Альгінянскую школу. Вучобу ў ёй я ўжо крыху больш помню. Асабліва запомнілася, як мы на спаборніцтвы ездзілі ў Ашмяны – я 100-мятроўку добра бегала.
Вучыліся хто як, а экзамены здаваць трэба было. Памятаю адзін з нашых аднакласнікаў не мог рашыць задачу, то мы ўсім класам яму дапамагалі.
З расповеду былой вучаніцы Генуефы Баляславаўны Грымбоўскай (Бабойць):
– У вёсцы Ізабеліна на правым беразе Лошы была адна з самых прыгожых і жывапісных мясцін. Менавіта тут больш за 100 гадоў назад пан Войтэк Драбарт пабудаваў вялікі дом. У адным з яго пакояў першапачаткова была адкрыта польская школа.
Пасля аб’яднання Беларусі тут адкрылі ўжо беларускую пачатковую школу. Вучыліся дзеці з Ізабелін і Мацкан. Вучняў было няшмат: 12-15. У адным памяшканні займаліся 1-шы і 3-ці класы, у другім – 2-гі і 4-ты.
Настаўнік палову ўрока праводзіў з адным класам, затым даваў вучням час на самастойную падрыхтоўку, а другую палову ўрока працаваў з іншымі школьнікамі. Канешне, мы былі не вельмі ўважлівымі, калі нам давалі час на выкананне заданняў. Больш прыслухоўваліся да таго, што настаўнік расказвае вучням малодшага класа. І часам хацелася ім падказаць штосьці.
Першымі настаўнікамі былі Алена Аляксандраўна, Праскоўя Фёдараўна Маслянкова і Сідарэнка. Потым у школе сталі працаваць Ганна Піліпаўна Кашлач і Васіль Васільевіч Кашлач. Васіль Васільевіч быў вельмі ўважлівым, клапаціўся пра нас. Заўсёды перажываў за дзяцей, асабліва зімой, калі былі вялікія марозы і мы заходзілі ў школу аб‘інелыя. А калі збіраліся дадому, то падыходзіў да кожнага: каму хустку паправіць, каму каўнер падыме ці шалік завяжа.Што тычыцца вучобы, то стараліся ўсе: слухалі настаўніка і вучыліся добра.
Пісалі мы тады чарнільнымі ручкамі, пяро было з «зорачкай», каб почырк прыгожы выпрацаваўся. Чарніла прыносілі ў шкляной бутэлечцы і потым дадому забіралі.
Была ў нас і так званая спартыўная зала – тут не толькі фізкультурай займаліся, але і святы ўсе праходзілі. Асабліва помніцца Новы год. Тады ў зале ставілі жывую ёлачку, упрыгожвалі яе гірляндай з размаляванай паперы. Цацкі ў асноўным таксама былі самаробныя, хаця некалькі шкляных шароў усё ж таксама мелася.
А яшчэ каля школы быў агарод. Адказнымі за градкі былі вучні. На кожную – па два школьнікі. Летам мы прыходзілі, каб прапалоць іх, палівалі, а восенню збіралі ўраджай. За такую дапамогу зімой нам давалі чай і два кубікі цукру. Які гэта быў смачны чай! З прыемным пахам, малінавага колеру – такое не забудзеш!
Непадалёк ад школы расла груша, а побач з ёй былі дзве салдацкія магілы. Мы за імі даглядалі. А вось хто ў іх пахаваны, ніхто ніколі не расказваў, таму і сёння пра гэта не ведаем. Чатыры гады вучобы праляцелі вельмі хутка. Потым мы перайшлі ў іншую школу. Ізабелінскую ў 1968 годзе зачынілі. Але і цяпер, калі бываю ў гэтых мясцінах, успамінаюцца тыя шчаслівыя школьныя гады.