_____________________________________
З людзьмі і для людзей
+375-1591-78837 231201 ул. Пионерская, 5 г. Островец
Напэўна, кожны з нас у любым узросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.
*Праект «АП» і РК работнікаў адукацыі і навукі «Сцяжынка да школьнага парога» прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.
Расказвае былы дырэктар Страчскай пачатковай школы-сада Алена Канчанін:
– Калі я пачынала працаваць у Страчы, мы збіралі звесткі і вялі летапіс вёскі. Цікавіліся, адкуль пайшла яе назва, хто тут жыў і чым яна адметная. Штосьці шукалі ў раённай газеце, гутарылі са старажыламі. І аднойчы мне расказалі, што ўжо ў 1924 годзе пачатковая школа была ў вёсцы Знахары. Спачатку гэта было невялікае паселішча – усяго 5-6 дамоў, астатнія людзі рассяляліся па хутарах, але потым пачалося яго ўзбуйненне – і людзі сталі з’язджацца ў вёску.
Знахары знаходзяцца непадалёк ад Вялікай Страчы. Казалі, што ў доме Вайцяховіча і размяшчалася школа. У ёй вучылася 50 дзяцей, якія займаліся ў дзве змены. Першай настаўніцай была Дарота Вотава. Яна прыехала сюды пасля заканчэння настаўніцкай семінарыі і вучыла дзяцей.
Ведаю, што потым школа стала сямігадовай. Працавала ў ёй Рэгіна Станіславаўна Лапата, якая і цяпер жыве ў Страчы. Яна ўзгадвала, што дырэктарамі школы ў розныя гады былі Дарашэвіч, Мілюць, Лапата.
Падчас майго настаўніцтва тэхработнікам у нас працавала Марыя Іванаўна Жылка. Яна расказвала, што раней пры школе быў сад і вялікі агарод, садзілі бульбу і сеялі жыта. Частку сабранага ўраджаю прадавалі. Штосьці з заробленага ішло на забеспячэнне дзяцей, штосьці – на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы.
Сямігадовая школа размяшчалася ў трох будынках. У адным з іх потым засталася пачатковая школа, у другім абуладкавана сённяшняя капліца, трэці – гэта дом, у якім цяпер жыве былая работніца нашай установы Галіна Вацлаваўна Другаль.
Калі ў Спондах пабудавалі сярэднюю школу, Страчскую сямігодку зрабілі пачатковай.
Я прыехала сюды на работу ў 1988 годзе, тут была ўжо пачатковая школа-сад. Пачынала выхавальнікам, але праз месяц мяне прызначылі дырэктарам. Папярэдні – Данута Вітольдаўна Канчанін – выйшла замуж. Муж у яе быў ваенны – і яна паехала за ім. На той час іншых педагогаў тут не было, і таму дырэктарам прызначылі мяне. Так і затрымалася ў адным месцы на 26 гадоў, пакуль установу не закрылі.
Пачынаць было страшна, але адаптавалася літаральна за 2 дні. Я вельмі люблю маленькіх дзяцей. У свой час у садок не хадзіла – яго ў маёй вёсцы не было. Нас выхоўвалі бабуля з дзядулем. І калі прыйшла на работу, мне вельмі спадабалася з дзецьмі. Цяпер працую са старэйшымі школьнікамі, але, па праўдзе, больш падабаецца з дашкалятамі. Іх вачыма гаворыць Бог, яны непасрэдныя, добрыя, не ўмеюць хлусіць – гэта падкупае і падабаецца. Я хутка знайшла кантакт з дзецьмі і бацькамі.
А калі перайшла працаваць загадчыкам – на той час трэба было выконваць функцыі кіраўніка, намесніка па вучэбнай, выхаваўчай і гаспадарчай частках, – цяжэй за ўсё было дастаўляць прадукты. Адзін час мы ездзілі за імі ў Астравец у магазін «Забота», потым – у Міхалішкі. Мы пісалі меню, рабілі справаздачы, вялі кнігі загадаў – усё ад рукі. Іх, канешне, было менш, чым цяпер, але работы было шмат. Але мы былі маладыя і ўсё паспявалі.
Да 2007 года ў Страчы была пачатковая школа-сад, а потым дзетак у Спондах станавілася менш – і пачатковыя ўстановы па акрузе сталі закрываць.
Спачатку – Страчанку, потым – Масцяны, затым – нас. Але яшчэ 7 гадоў мы працавалі як дзіцячы сад – да 2014 года. А тады ўжо перайшлі ў Спонды.
На мой погляд, працавалі добра. Пацвярджэнне таму – узнагароды. Да гэтага часу ў мяне захаваліся граматы. Нягледзячы на тое што садок быў маленькі і знаходзіўся ў вёсцы, мы станавіліся лепшымі па арганізацыі прадметна-развіваючага асяроддзя, былі пераможцамі раённага спаборніцтва па арганізацыі работы па пераемнасці сямейнага выхавання, дашкольнай і пачатковай адукацыі і іншых накірунках.
Гавораць, што пакуль жыве школа – жыве вёска. І гэта сапраўды так. Увогуле ў той час мы часта хадзілі ў клуб. Была наладжана цесная сувязь з яго кіраўніком – тады там працавала Данута Аляксандраўна Фронская. Мы разам рабілі святы для аднавяскоўцаў, праводзілі «Поле цудаў», навагоднія ранішнікі. Былі вельмі цікавыя сцэнарыі. Прасілі аб дапамозе аднавяскоўцаў – і яны адгукаліся. Так, Дзед Мароз да нас прыязджаў на санях, запрэжаных канём. Стараліся ва ўсім удзельнічаць. Памятаю, Ганна Аляксандраўна Мілашэвіч займалася фатаграфіяй, яна арганізоўвала выставы ў клубе і ў школе – усім было цікава.
У маленькіх школах, і ў нашай таксама, навучанне было арганізавана ў паўтары змены. Усе дзеці жылі на месцы, таму малодшыя школьнікі прыходзілі на 9 гадзін раніцы, займаліся асноўнымі прадметамі. Потым былі аб’яднаныя ўрокі: музыка, маляванне, фізкультура, праца – імі займаліся некалькі класаў. А затым меншыя ішлі дахаты, а старэйшыя заставаліся.
Так жа было і з рэпетыцыямі – на іх збіраліся вечарам. Тады яшчэ не было шостага школьнага дня, але мы праводзілі ў суботу выхаваўчыя мерапрыемствы.
На тэрыторыі школы была добрая спартыўная пляцоўка. Абуладкаваць яе дапамагалі бацькі, мне здаецца, тады яны былі больш згуртаваныя, працавалі на энтузіязме – і многае зрабілі. Старшыня калгаса даў слупкі, а бацькі ўсё ўкапалі і абгарадзілі будынак, абсталявалі пляцоўкі. Прыходзілі нават жыхары вёскі гуляць у валейбол.
Калі школу закрывалі, было ў ёй, здаецца, 7 дзяцей.
У школе-садку працавалі настаўнікі Вікторыя Эдуардаўна Казлоўская, Рэгіна Станіславаўна Лапата, Яніна Вітольдаўна Чаплінская, выхавальнікі Марыя Станіславаўна Ствол, Наталля Іванаўна Васілеўская, Ганна Вацлаваўна Івашкевіч, Ала Станіславаўна Сініца, Вольга Валянцінаўна Міхалюк, Марына Чаславаўна Сініца, памочнік выхавацеля Галіна Вацлаваўна Другаль, Марына Іосіфаўна Мацкевіч і іншыя.
Прыходзілі маладыя, адпрацоўвалі і з’язджалі. Многія педагогі атрымалі кватэры ў Астраўцы – і разам з сем’ямі выехалі ў горад.
Пакуль быў цэнтр калгаса, вёска жыла і развівалася. На той час нам не трэба было штосьці прыдумваць, каб арганізаваць для дзяцей экскурсію. Былі клуб, бібліятэка, магазін, пажарная часць, пагранічны пост, стайня, сырзавод, лясніцтва – развітая інфраструктура. Дзеці з задавальненнем наведвалі гэтыя ўстановы і арганізацыі – так знаёміліся з рознымі прафесіямі.
Настаўнікі і выхавальнікі пасля работы хадзілі ў калгас: дапамагалі камні збіраць, палоць буракі, капаць бульбу... За гэта кіраўнік гаспадаркі спансіраваў школу фарбай, будаўнічымі матэрыяламі. Пры неабходнасці дапамагаў брыгадай рабочых – яны, прынамсі, пабудавалі нам памяшканне для складзіравання розных неабходных матэрыялаў.
Цудоўна помню і дзяцей: Ігар Цурганаў, Алег і Света Чаплінскія, Аня і Рома Лукашэвічы, Віка і Віталь Ствалы, Паліна і Яна Івашкевічы, Святлана і Аляксандр Салаўі, Раман і Аляксандр Сялевічы, Уладзімір і Віталь Субачы – іх было шмат і кожны пакінуў след у маёй памяці.
Старажылы ўзгадваюць, што ў 1966 годзе ў Страчы была васьмігадовая школа, якая займала будынак былой панскай афіцыні. Дырэктарам яе з’яўляўся Міхаіл Уладзіміравіч Мілюць.
Пазней школу рэарганізавалі ў пачатковую, яе дырэктарам стала Рэгіна Станіславаўна Лапата. Затым у будынку размясціўся дзіцячы садок.
Расказвае былы дырэктар Страчскай пачатковай школы Рэгіна Лапата:
– Настаўніцай марыла быць з ранняга дзяцінства. Памятаю, старэйшая сястра ішла ў Дайлідскую школу – я родам з гэтай вёскі – і мне вельмі хацелася. Таму ў першы клас пайшла ў 6 гадоў, браць не хацелі. Але вучылася старанна, і праз нейкі час мяне залічылі ў школу. Мне вельмі падабалася наша настаўніца, хацелася быць да яе падобнай. І пасля заканчэння Сольскай сярэдняй школы падала дакументы ў педклас у Ашмянах. За 10 месяцаў атрымала прафесію настаўніка пачатковых класаў і стала вучыць дзяцей. Загадчыкам РАНА тады быў Расціслаў Арсенцьевіч Герт – ён і размеркаваў мяне ў 1962 годзе ў Алясінскую школу.
Са Страчскай лёс звёў у 1966 годзе – тады разам з былым дырэктарам Міхаілам Уладзіміравічам Мілюцём перайшла на працу сюды. І засталася ажно да 2001 года.
Усялякае бывала за тыя гады: і адной даводзілася выкладаць у двух, трох і нават чатырох класах адначасова, але чалавек да ўсяго звыклы. А тым больш калі работа падабаецца і любіш дзяцей, то ад гэтага атрымліваеш толькі задавальненне. Я і цяпер з радасцю чытаю пра школу і настаўнікаў, гляджу тэлеперадачы пра школьнікаў, сачу за іх эмоцыямі і поспехамі і радуюся, што растуць добрыя разумныя дзеці.
Калі пачынала, Страчская школа была васьмігадовай. У сярэдніх і старэйшых класах працавалі Марыя Філіпаўна Мілюць – яна выкладала рускую мову, Любоў Фёдараўна Матусевіч была настаўнікам беларускай мовы, дырэктар вёў гісторыю. Былі і іншыя настаўнікі, многія затрымліваліся ў нашай аддаленнай ад райцэнтра вёсачцы ненадоўга. Потым дзяцей станавілася ўсё менш і менш, да таго ж у Спондах пабудавалі сярэднюю школу – і нашу рэарганізавалі ў пачатковую. У 1973 годзе мяне прызначылі яе дырэктарам.
І давялося не толькі вучыць дзяцей, але і займацца ўсёй гаспадаркай. Галоўнае было – падрыхтаваць установу да пачатку новага навучальнага года. І да гэтага абавязку мы ставіліся адказна.
А потым у старшыні калгаса «Савецкая Беларусь» Адама Дзмітрыевіча Горбаля і загадчыка РАНА Леаніда Уладзіміравіча Батуры ўзнікла думка зрабіць у Страчы школу-сад. Прааналізавалі нараджальнасць – і ўбачылі, што ёсць рост дзяцей. Пачалася падрыхтоўка: на працягу ўсяго лета шукалі мэблю і закуплялі абсталяванне, звозілі ўсё ў школу – каб у добрым выглядзе сустрэць дзяцей і іх бацькоў.
Дарэчы, бацькі заўсёды падтрымлівалі школу – ніколі не было ніякіх спрэчак у выхаванні. І я вельмі ўдзячна ім за разуменне і падтрымку.
Ды і дзеці ў нас былі добрыя. Кожны навучальны год заканчваўся тым, што мы адпраўляліся ў паход па родным краі: хадзілі ў Альхоўку на кардонную фабрыку, у Вераб’і – на цагельны завод, у Міхалішкі – на маслазавод, нават на Нарач ездзілі – усім гэта падабалася. Заўсёды старанна рыхтаваліся да 1 верасня, Новага года і іншых каляндарных і дзяржаўных святаў.
Я вельмі любіла сваю работу. Люблю яе і цяпер. І хоць ужо шмат гадоў на пенсіі, заўсёды з удзячнасцю ўспамінаю тых, з кім працавала і каго вучыла.