+375-1591-78837  231201 ул. Пионерская, 5 г. Островец

 

Главная » Новости » 22. 05. 2023

Па сцяжынцы да школьнага парога Гозскай школы

Напэўна, кожны з нас у любым узросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.
Праект «АП» і РК работнікаў адукацыі і навукі «Сцяжынка да школьнага парога» прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.

 З гісторыі школы
Да 1949 года гозскія дзеці вучыліся па хатах. У 1950-м пабудавалі школу – і яна прыняла першых вучняў.
У 2003–2004 навучальным годзе тут было 7 класаў, у якіх вучылася 28 дзяцей; працавала 11 настаўнікаў. Установу ўзначальвала Ганна Баляславаўна Бяляўская.
Школа працавала над метадычнай тэмай «Развіццё маральнай, гарманічнай, фізічна-развітай асобы». Галоўныя задачы: выхаванне патрыётаў сваёй Радзімы, гатовых да самавызначэння свайго месца ў жыцці, самаразвіцця; укараненне новых методык выкладання прадметаў, фарміраванне ў вучняў трывалых установак маральных паводзін.
Школьнікі мелі магчымасць развіваць здольнасці на занятках па інтарэсах, курсах па выбары, у спартыўных секцыях. Дзеці актыўна ўдзельнічалі ў конкурсах і спаборніцтвах. 
Школа ганарылася выпускнікамі, якія сёння працуюць у розных галінах сельскай гаспадаркі, банкаўскай сферы, адукацыі і медыцыне.


  Расказвае былы вучань Гозскай школы Віктар Казак:
– Першае ўражанне ад школы для дзіцяці, якое не наведвала садок, было глабальным. У школу пайшоў у 1975 годзе. Першай настаўніцай была Вольга Пятроўна Палітаева. У 2 і 3 класах нас вучыла Зоя Аркадзьеўна Кімса.
У той час мы хадзілі ў другую змену – будынак быў невялікі і месца для ўсіх класаў не хапала.
Усяго ж на тэрыторыі ўстановы стаяла тры пабудовы: у адной было 5 аўдыторый, у другой – дзве і кватэра для настаўнікаў, а ў трэцяй – кабінет працы і памяшканне для спартыўнага інвентару.
Дарэчы, у школе былі цудоўныя баскетбольная і валейбольная пляцоўкі. А гуляць у футбол мы хадзілі на вясковы стадыён – ён таксама быў дагледжаным.
Заўсёды з задавальненнем успамінаю вучобу. Не ведаю чаму, але ў нас у 1-м класе была адна пропісь на дваіх – для ўзору. І пісалі мы кожны ў сваім сшытку. Помню кожны вечар хадзіў да суседа Бароўкі – разам старанна выводзілі літары і лічбы, выконвалі іншыя заданні.
Калі вучыўся ў 6-м класе, пабудавалі новую школу. Вялікія кабінеты, шырокі калідор – было дзе развярнуцца. Тады ж пячное ацяпленне замянілі на паравое – гэта было ўвогуле нешта незвычайнае. І мы вельмі радаваліся, што маем такую школу.
У той год, перад адкрыццём новага будынка, летняя практыка ў вучняў была 24 дні – мы дапамагалі добраўпарадкаваць тэрыторыю і класныя памяшканні. І гэта падабалася – ганарыліся, што маем дачыненне да будаўніцтва.
Першыя гады навучання ў школе нас не кармілі – бацькі складалі «сабойкі» – і падчас вялікага перапынку мы падсілкоўваліся.
З трэцяга класа пачалі даваць пячэнне з чаем – ён быў вельмі салодкім. Потым сталі хадзіць на абеды ў калгасную сталовую.
Над школай шэфстваваў калгас «Запаветы Ільіча» – ён спецыялізаваўся на вырошчванні ільну, таму штогод мы дапамагалі работнікам падымаць і ставіць лён. Праўленне заўсёды аддзячвала – напрыклад, у 7-м класе для нас арганізавалі паездку ў Маскву. Гэта было незабыўнае падарожжа: жылі ў гасцініцы «Усход», наведалі ўсе самыя значныя месцы горада…
Увогуле школа тады была адной вялікай сям’ёй – усё рабілі разам і ўсе ўсё ведалі адзін пра аднаго. Здаралася, не паспееш прыйсці дахаты, як бацькам ужо паведамілі, што адбылося падчас вучэбнага дня.
Тады ўсе жылі па адным прынцыпе: калі ўзяўся за справу, то рабі яе добра. Гэта тычылася і вучобы, і выхаваўчых, і пазакласных мерапрыемстваў. Шчыра ўдзячны настаўнікам за веды і ўрокі жыцця, за іх цярпенне і жаданне вучыць нас.

З успамінаў былога настаўніка Аляксандра Лявонцьевіча Роўды
«Я нарадзіўся ў Мядзельскім раёне, аднак большую частку свайго жыцця пражыў на Астравеччыне і прысвяціў адукацыі раёна. Да вайны закончыў 7 класаў школы. На той час такі чалавек лічыўся грамацеем. Была б магчымасць – вучыўся б і далей. Але... – з горыччу ўспамінаў падчас свайго 90-годдзя Аляксандр Лявонцьевіч. – А вось цяперашнім дзецям вельмі добра: адукацыя ў нас бясплатная і кожны мае роўныя магчымасці.
Да вайны паспеў папрацаваць у сельскай гаспадарцы, затым паўтары гады быў сакратаром РАА ў Мядзельскім раёне. 
А потым пачалася вайна... Боль, расстанне, раненні, смерць блізкіх і сяброў. А затым – Перамога, да якой так доўга ішлі і якую ўсё ж сустрэлі.
Увогуле, калі б людзі падчас вайны не былі такімі моцнымі духам, то і Перамогі не было б. І вельмі добра, што подзвіг народа не забываецца, праводзяцца парады, ветэранаў запрашаюць на сустрэчы і мітынгі.
Пасля вайны вярнуўся на радзіму. Працаваў настаўнікам – мой педагагічны стаж складае 46 гадоў. Восем гадоў – у Каранятах, а потым перайшоў у Гозскую школу – 30 гадоў жыцця прайшлі тут. За часы работы даводзілася выкладаць розныя дысцыпліны, але спраўляўся з любой работай». 
Вучні ўспамінаюць, як Аляксандр Лявонцьевіч прывіваў ім любоў да сваіх прадметаў. Яны любілі яго ўрокі, бо заўсёды да «сухога» матэрыялу падручніка настаўнік дадаваў нешта сваё, цікавае, часам смешнае. Прыносіў рэдкія кнігі, расказваў пра вайну, пра яе жудасныя і гераічныя старонкі.
Ён яшчэ 11 гадоў пасля выхаду на пенсію не развітваўся з любімай справай. За працоўныя заслугі ўзнагароджаны медалём «Ветэран працы».
 




З расповеду былога настаўніка Ганны Іванаўны Гаўрыловіч:
– У Гозскай васьмігодцы працавала ўсяго 4 гады – з 1971-га па 1975-ты.
Школа тады месцілася ў трох драўляных будынках: у двух былі класныя пакоі, у трэцім – сталовая і майстэрня.
З цеплынёй заўсёды ўспамінаю настаўніцкі калектыў – дружны і прафесіянальны. Дырэктарам была Ніна Тарасаўна Порхач – строгая, але справядлівая жанчына.
Матэматыку выкладала Ірына Мікалаеўна Макарэвіч, беларускую мову і літаратуру – Ніна Іванаўна Казак, хімію і біялогію – Аляксандр Лявонцьевіч Роўда. Ён быў удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, меў узнагароды і ў нашым калектыве з’яўляўся адзіным членам КПСС. Менавіта пад яго кіраўніцтвам недалёка ад школы ў пясчаным кар’еры быў абсталяваны цір – настаўнікі часта спаборнічалі паміж сабой у стральбе і нават удзельнічалі ў абласных спаборніцтвах.
Адным з яркіх успамінаў таго часу з’яўляецца прыезд у школу кіназдымачнай групы. Рэжысёры і тэлеаператары здымалі наша школьнае жыццё: урокі, выхаваўчыя мерапрыемствы, вольны час. А затым прывезлі дакументальны фільм – і дэманстравалі яго ў класе. Для настаўнікаў і вучняў гэтая падзея была сапраўдным святам. Цікава, ці захаваўся гэты кінаролік?
Каля школы была абсталявана валейбольная пляцоўка. Па вечарах там заўсёды было шумна і весела: настаўнікі ладзілі спаборніцтвы, у якіх удзельнічала мясцовая моладзь.
Педагогі, акрамя асноўнай, вялі прапагандысцкую работу сярод насельніцтва. Большасць з нас былі агітатарамі. Мы выступалі на фермах, у майстэрнях, тлумачылі людзям рашэнні з’ездаў КПСС і пленумаў ЦК КПСС.
Той час заўсёды ўспамінаю з цеплынёй і любоўю, бо Гозская школа – гэта частка майго жыцця.


Дырэктарамі школы працавалі:
Ніна Тарасаўна Порхач,
Міхаіл Канстанцінавіч Лава,
Анатоль Мікалаевіч Данелюк,
Ірына Мікалаеўна Макарэвіч, 
Рычард Іосіфавіч Макарэвіч,
Ганна Баляславаўна Бяляў­ская.

Настаўнікі:
Вольга Пятроўна Палітаева, настаўнік пачатковых класаў,
Зоя Аркадзьеўна Кімса, настаўнік пачатковых класаў,
Аляксандр Канстанцінавіч Белавус, намеснік дырэктара,
Аляксандр Лявонцьевіч Роўда, настаўнік працоўнага навучання і фізкультуры, ветэран Вялікай Айчыннай вайны,
Ніна Іванаўна Казак, настаўнік рускай мовы і літаратуры,
Галіна Лявонаўна Андрэева, настаўнік беларускай мовы і літаратуры,
Ганна Баляславаўна Бяляўская, настаўнік нямецкай мовы і геаграфіі,
Часлава Францаўна Сінякова, настаўнік гісторыі, 
Галіна Іосіфаўна Валанцэвіч, настаўнік матэматыкі, 
Ганна Рыгораўна Тамашэвіч, настаўнік фізікі, 
Альбіна Віктараўна Козіч, настаўнік хіміі і біялогіі, намеснік дырэктара, 
Яўген Міхайлавіч Порхач, настаўнік гісторыі і нямецкай мовы,
Ганна Іванаўна Лукша (Гаўры­ловіч), настаўнік матэматыкі,
Ларыса Васільеўна Хамутоўская, настаўнік чарчэння, 
Ірына Іосіфаўна Валкоўская, піянерважатая і іншыя
 

Фота з архіва герояў публікацыі


 

Текст: Елена Ярошевич
 
 
Па сцяжынцы да школьнага парога Страчскай школы прайшліся яе былыя дырэктары Рэгіна Лапата і Алена Канчанін
Определились дипломанты конкурса совета ветеранов и объединения профсоюзов «Творение рук – душевный дар»
Первый профсоюзный молодёжный форум в Островце. День второй
Школа молодого специалиста
Мы дружбою своей сильны и Родиной своей горды!
Островчане побывали на патриотическом форуме ко Дню народного единства
День Независимости
Экскурсия в Брестскую крепость
Па сцяжынцы да школьнага парога Дравяніцкай школы
В «Ласточке» молодёжный совет образования провёл квест для детей
Ромашковые поля c пожеланиями на лепестках дарили на День семьи в Островце
Я – педагог и патриот своей страны