+375-1591-78837  231201 ул. Пионерская, 5 г. Островец

 

Главная » Новости » 21. 06. 2023

Па сцяжынцы да школьнага парога Дравяніцкай школы прайшліся колішні настаўнік Зінаіда Аляксандраўна Хадоркіна і былая вучаніца М

dfe.jpg

Напэўна, кожны з нас у любым узросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.

Наш сумесны з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праект “Сцяжынка да школьнага парога” прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.

З гісторыі школы

Па ўспамінах тых, з кім давялося пагутарыць, а таксама са звестак, якія захоўваюцца ў музеі Гудагайскай СШ, вядома, што школа паміж Дравянікамі і Задворнікамі ўзнікла дзесьці пасля Вялікай Айчыннай вайны. Размясцілася яна ў былой сядзібе Блажэвічаў – сёння тут знаходзіцца дом паляўнічага, які належыць Астравецкаму лясгасу.

IMG_6430.JPG

З расповеду былой вучаніцы Дравяніцкай пачатковай школы, сённяшняга настаўніка рускай мовы і літаратуры гімназіі №1 Марыі Антонаўны Блізнік:

IMG_6407.JPG

– Дравяніцкая школа, настаўнікі, якія мяне вучылі, аднакласнікі і старэйшыя школьнікі, з якімі сядзелі ў адным класе, назаўсёды засталіся ў маіх дзіцячых успамінах.

Свой першы дзень у першым класе помню як сёння. Я яшчэ не ўмела чытаць, але літары ўжо ведала. Яшчэ задоўга да школы мы з сяброўкай Марыяй хадзілі ў бібліятэку – на той час яна была ў Дравяніках, дзе мы жылі, – бралі кнігі і «чыталі» іх.

Самым вялікім хваляваннем было тое, што мне не паспелі пашыць да першага верасня фартушок, – дараблялі яго раніцай, і я вельмі хвалявалася, што спазнюся на заняткі. Але прыйшлі мы ў час. З сабой я ўзяла аркуш і аловак – ведала, што трэба будзе запісаць расклад на наступны дзень, праўда, як я гэта зраблю, не думала. І першы стрэс атрымала тады, калі старшакласнік адабраў у мяне гэты аловак. Далей было яшчэ горш. Школа размяшчалася на ўзгорку, нам жа здавалася, што стаіць яна на высокай гары, да якой вяла сцежка. І адзін са старшакласнікаў прапанаваў мне збегчы ад будынка ўніз, што я і зрабіла. У выніку зачапілася за галінку дрэва і парвала новую сукенку. Было страшна ісці дамоў, не ведала, як на гэта адрэагуе маці, – прыйшла, уткнулася ў падол яе сукенкі і заплакала…

Напэўна, за той дзень у мяне было столькі розных эмоцый, што я нават не памятаю, як прайшлі першы ўрок і першая лінейка.

У школу хадзілі дзеці з дзвюх вёсак – Дравянік і Задворнікаў. І паміж намі заўсёды было нешта такое, што дзяліла нас на два ваяўнічыя лагеры: з аднаго боку, мы сябравалі, з другога, – былі зацятымі ворагамі. Настаўнікі, бачачы нашу непрымірымасць, ніколі не адпускалі нас дамоў разам. Спачатку адпраўлялі вучняў з адной вёскі, праз нейкі час – з другой. Але мы сядзелі і падчэквалі астатніх і часам «ваявалі».

Мой клас вучыўся разам з трэцім. Я налічыла, што ў нашым класе было 12 вучняў, магчыма, кагосьці забыла. Нашы настаўніцы – Зінаіда Аляксандраўна Хадоркіна і Ніна Францаўна Санкоўская – былі маладымі – і мы іх вельмі любілі і паважалі. Яны жылі ў гэтым жа будынку, і калі прасілі схадзіць у пакой за сшыткамі – гэта было такім вялікім шчасцем! А яшчэ памятаю, што на святы мы падпісвалі сваім педагогам паштоўкі, але не ўручалі ім, а ціхенька падсоўвалі пад дзверы – пэўна, саромеліся.

Перапынкі ў школьныя часы здаваліся вельмі доўгімі. На адным з іх давалі чай. Яго гатавала жанчына, якая жыла побач са школай. Мы стараліся як мага хутчэй дабегчы да яе дома, каб прынесці чайнік у свой клас. Да чая – а ён здаваўся такім смачным! – давалі яшчэ і пячэнне.

Усе мае аднакласнікі вучы­ліся добра. Лепшым быў Мечы­слаў Рынковіч. Ён цудоўна рашаў задачы і потым таксама стаў настаўнікам. Дарэчы, настаўніцкую сцяжынку выбралі не толькі мы, але і яшчэ дзве нашы аднакласніцы.

Пісалі мы пёрамі і чарніламі. Як жа я зайздросціла сваёй сяброў­цы, у якой найлепш і найпрыгажэй атрымлівалася вы­во­дзіць літары, словы і сказы! Помню і сваю першую «двойку» – атрымала яе за дыктант «Живая шляпа».

Цудоўна запомнілася, як нас прымалі ў піянеры. Свята праходзіла ў Градаў­шчыз­ненскай школе, куды мы пазней пайшлі вучыцца, – гэта было вельмі ўрачыста. Таксама паўстаюць у памяці школьныя святы. Яны часта праходзілі разам з бацькамі, і мы гэтаму вельмі радаваліся.

Школа размяшчалася на ўлонні прыроды – каля яе было прыгожа ў любую пару года. Помніцца, зімой мы каталіся на лыжах з горкі, коўзаліся па лёдзе на вадаёмах – іх было два. Доўгай была дарога дадому і ў іншыя поры года – перад Дравянікамі быў разбіты тапаліны парк, і мы любілі праводзіць у ім час.

gggg.jpg

З успамінаў былога настаўніка і дырэктара Дравяніцкай школы Зінаіды Аляксандраўны Хадоркінай:

IMG_6415.JPG

– Нарадзілася я ў вёсцы Лепясы Бераставіцкага раёна, але вучылася ў Бераставіцкай школе – на той час, а было гэта ў 1952-1963 гадах – яна была рускамоўнай.

Пасля атрымання сярэдняй адукацыі збіралася паступаць у Гомель, ды ў 1963-м у Бераставіцы адкрылі педагагічнае вучылішча – туды я і пайшла. Праз два гады на размеркаванні мне прапанавалі 3 раёны: Астравецкі, Ашмянскі і Смаргонскі. У апошнім я была на практыцы, з Ашмяншчынай таксама была знаёма, а пра Астравеччыну, хоць і знаходзіліся яны побач адзін з адным, не чула нічога. Таму доўга не разважала, адказала, што паеду туды, куды накіруюць. Так трапіла ў Астравец.

Пасля бераставіцкіх вуліц і дарог, якія на той час ужо былі заасфальтаваны, раён «уразіў» брукаванкай і сапраўдным балотам на вуліцах. Вадзіцель аўтобуса, убачыўшы нашы чамаданы, нават пацікавіўся, ці ўзялі мы з сабой гумовыя боты, а я і не насіла іх ніколі.

Расчараванне чакала і ў аддзеле адукацыі: прыехалі мы, нас было некалькі чалавек, якраз перад абедам – і ва ўстанове нікога не аказалася. Пазней прыйшоў загадчык РАНА – тады ім быў Расціслаў Арсенцьевіч Герт, – пагутарыў са мной і прапанаваў месцы настаўніка нямецкай мовы, гісторыі і фізічнай культуры ў Каранятах або пачатковых класаў у Індрубцы. З гісторыяй я не вельмі «сябравала», таму і выбар быў зроблены на карысць Індрубскай пачатковай школы. А праз год – было гэта ўжо ў 1966-м – я апынулася ў Дравяніках. Ведаю, што раней тут настаўнікамі працавалі Лашчонак і Смаляк, пасля муж і жонка Міхалькевічы, разам са мной прыйшла ў «пачаткоўку» Ніна Францаўна Санкоўская (Іванцэвіч).

Школа была падзелена на дзве часткі. У адной палавіне былі два кабінеты, у якіх вучыліся 1-я і 3-я класы і 2-я і 4-я, у другой размяшчаліся кватэры і кухня для настаўнікаў. Я стала выкладаць у 1-м і 3-м класах, а Ніна Францаўна – у 2-м і 4-м.

sfgg.jpg

Усё рабілі разам: рыхтавалі нагляднасць і раздатачны матэрыял, арганізоўвалі святы і мерапрыемствы (Дзень Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, Дзень нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна, дні камсамола і касманаўтыкі), прымалі дзяцей у акцябраты і піянеры – было весела і цікава.

Як сёння помню бацькоўскія сходы. Нягледзячы на тое што практычна ўсе бацькі працавалі ў калгасе, ды і дома была вялікая гаспадарка, ніхто не ігнараваў запрашэнне на такія сустрэчы – збіраліся ўсе. І праходзілі яны цікава – з выступленнямі, песнямі і вершамі. Адзін з такіх сходаў арганізоўвалі напярэдадні Новага года. Мы з дзецьмі ставілі ёлку, рабілі ўпрыгожванні і развешвалі іх па памяшканню, рыхтавалі святочную праграму. Такія сустрэчы былі даспадобы ўсім.

А якія цудоўныя ў нас былі дзеці – добрыя, актыўныя, разум­ныя, старанныя… Марыя Блізнік, Галіна Бяйдук, Мечыслаў Рын­ковіч, Людміла Карабец, Віктар Алёкса, Ірына Юцкевіч… – пра кожнага магу доўга расказваць.

І калі пасля заканчэння Дравяніцкай пачатковай школы вучні пераходзілі ў Градаўшчызненскую, наракан­няў на іх паводзіны і веды ніколі не было. Паміж нашымі ўстановамі былі наладжаны трывалыя сувязі. Дырэктар з Градаўшчызны – ім быў Варанчук – у нашай установе быў частым госцем: наведваў заняткі, інспектаваў работу педагогаў і веды вучняў, мы давалі адкрытыя ўрокі, а на педагагічныя саветы ехалі ў Градаўшчызну. Нашы школьнікі заўсёды пацвярджалі свае адзнакі, калі прыходзілі вучыцца ў 5 клас.

А ў 1977 годзе я са сваёй сям’ёй пераехала ў Палушы. 

Працаваць стала ў Гудагайскай школе, спачатку – настаў­ніцай групы падоўжанага дня, потым – пачатковых класаў, а затым і ўвогуле змяніла сферу дзейнасці. А Ніна Францаўна Санкоўская працавала ў школе да яе закрыцця. Пра школу і сваіх вучняў, а таксама настаўнікаў, з якімі давялося працаваць, я ўспамінаю заўсёды з цеплынёй і радасцю.

 
 
Па сцяжынцы да школьнага парога Страчскай школы прайшліся яе былыя дырэктары Рэгіна Лапата і Алена Канчанін
Определились дипломанты конкурса совета ветеранов и объединения профсоюзов «Творение рук – душевный дар»
Первый профсоюзный молодёжный форум в Островце. День второй
Школа молодого специалиста
Мы дружбою своей сильны и Родиной своей горды!
Островчане побывали на патриотическом форуме ко Дню народного единства
День Независимости
Экскурсия в Брестскую крепость
Па сцяжынцы да школьнага парога Дравяніцкай школы
В «Ласточке» молодёжный совет образования провёл квест для детей
Ромашковые поля c пожеланиями на лепестках дарили на День семьи в Островце
Я – педагог и патриот своей страны