+375-1591-78837  231201 ул. Пионерская, 5 г. Островец

 

Главная » Новости » 10. 06. 2023

Как ворнянская «Семья» стала чемпионом КВН

IMG_6361.jpg

Заўтра… Ужо заўтра яны, выпускнікі Варнянскай СШ – Аліна Калтан, Арцём Казлоўскі, Віана Юркойць, Эльвіра Казлоўская, Саша Мацкела, Ліза Лазко, Ксенія Янковіч, Яна Якушчонак, Алёша Віткевіч – пакінуць школьны двор пад гукі нестарэючага вальса… А школа яшчэ доўга будзе помніць іх крокі, усмешкі, жарты…
І неверагодную, сенсацыйную перамогу іх агульнай «Сям’і» на ХІІ чэмпіянаце Рэспублікі Беларусь па гульні КВЗ «У будучыню – з усмешкай». Такога не было не толькі ў Варнянскай школе, але і ў Астравецкім раёне.

– Тое, што каманда вясковай школы паехала ў Мінск абараняць гонар усёй Гро­дзенскай вобласці, – гэта ўжо была перамога і сенсацыя, – гаворыць дырэктар Варнянскай СШ Алена Юркойць. – Ніхто не чакаў ад іх першага месца – яны ўжо і так, як кажуць, скокнулі вышэй галавы. Самае цікавае, што рэспубліканскі фінал праходзіў 1 красавіка, у Дзень смеху і розыгрышаў. І вось атрымліваю паведамленне ад Дзмітрыя Вячаслававіча, настаўніка, класнага кіраўніка 11 класа і стваральніка каманды «Сям’я»: «У нас дыплом за ўдзел». Што ж, малайцы! Так і пішу ў адказ. А наступнае паведамленне. «З 1 красавіка! Мы чэмпіёны!» І я ўжо не разумею, што тут жарт. Стала тэлефанаваць. І, нягледзячы на ўсе запэўніванні, усё роўна не паверыла, пакуль не прыслалі фота дыплома.
– Гэтая перамога – цалкам заслуга нашага настаўніка Дзмітрыя Карвэцкага і яго «Сям’і» – выпускнога класа, у якім ён быў «класным татам», – працягвае Алена Іванаўна. – КВЗ – гэта іх агульнае дзіця. Ды такое таленавітае і разумнае! Мая дапамога, напэўна, толькі ў тым, што я ім не перашкаджала: не кантралявала, не «ўключала цэнзара». Навошта? У іх і без таго ўсё цудоўна атрымліваецца і яны самі ведаюць, што можна, а чаго нельга…
Самае смешнае, што пры гэтым ніхто – ні галоўны завадатар, арганізатар, сцэнарыст і рэжысёр Дзмітрый Карвэцкі, ні члены яго «Сям’і» да таго не толькі не гулялі ў КВЗ, але і не бачылі перадачы Клуба вясёлых і знаходлівых.
– Ужо потым, калі сталі рыхтавацца да абласнога фестывалю, мы з мамай перагледзелі ўсе гульні чэмпіёна вышэйшай лігі КВЗ беларускай каманды «Доктар Хаус», – гаворыць капітан «Сям’і» Аліна Калтан.
Магчыма, тое, што яны раней нічога не бачылі і ні ў каго не вучыліся, адыграла станоўчую ролю: у варнянскіх школьнікаў не было плагіяту, «крадзеных» жартаў, чым грашыць большасць дзіцячых, ды і не толькі, каманд.
– Усе жарты мы прыдумвалі самі, – расказвае Дзмітрый Вячаслававіч. – Часта – ужо ў аўтобусе, едучы на конкурс. Не скажу, што гэта проста. Часам сядзіш, галаву ламаеш, нешта прыдумаеш і разумееш – не тое… Не смешна! Збіраемся ўсе разам – не «каціць». Ідзём на сцэну. І раптам – як прарыў…
– Так было з жартам пра рабаўніцтва настаўніка, – нагадвае Аліна. – У перша­пачатковым варыянце вучні сустрэлі настаўніка і запатрабавалі грошы, а той прапанаваў ім забраць класнае кіраў­ніцтва. А потым успомнілі, што Арцём умее садзіцца на шпагат і вырашылі, што трэба гэтую фішку выкарыстаць. У выніку настаўніка рабавалі вучні балетнай школы, адзін з іх – у ружовай балаклаве, і ў самы важны момант ён садзіцца на шпагат. У Мінску з гэтым нумарам, што называецца, парвалі залу.
– Цяжэй за ўсё было перамагчы ў раёне, – успамінае «этапы вялікага шляху» класны кіраўнік. – Многія з жартаў, якія ў Мінску зайшлі на «ўра» – да прыкладу, пра нараду ў Міністэрстве адукацыі, дзе «прыдумалі» новую форму, дадаўшы да старой толькі значок, ці пра правілы паступлення, якія ўвесь час мяняюцца, дома выклікалі насцярожанасць…
Пасля перамогі ў раёне, дзе ўдзельнічала 5 каманд, «Сям’я» паехала на абласны фестываль КВЗ, на якім вызначаліся фіналісты. Там было 7 каманд, кожная з якіх прадстаўляла адно выступленне на 5-6 хвілін. Варнянцы прайшлі ў фінал.
– У абласным фінале нам, можна сказаць, пашанцавала, – дзеліцца Дзмітрый Карвэцкі. – Прайшло чатыры каманды: дзве гродзенскія, Ваўкавыск і мы. Самай моцнай была гродзенская «Пушка», чатырохразовы чэмпіён рэспублікі, неаднаразовы ўдзельнік гульні «КВЗ. Дзеці» ў Маскве. Яе трэніраваў удзельнік «Док­тара Хауса» Антон Максімаў, які, да слова, дапамагаў усім гродзенскім камандам: рэдагаваў жарты, даваў парады…  А ў перыяд паміж фестывалем і абласным фіналам ён звольніўся з работы і дапамагаў нам ужо ў прыватным парадку. І адпаведна выбыла з конкурсу і яго «Пушка». Засталося тры каманды.
На гродзенскім фінале іх чакала тры конкурсы: візітоўка, відэаролік і хатняе заданне. Відэа «Сям’і» дапамаглі зрабіць Грыша Рэвака і Юрый Горыд – яно, як і хатняе заданне, атрымала найвышэйшы бал. У выніку варнянцы сталі лепшай дзіцячай камандай КВЗ Гро­дзенскай вобласці і атрымалі пуцёўку ў рэспубліканскі фінал.
У Мінску на сцэне сышлося 8 каманд з усіх абласцей (як правіла, абласных цэнтраў) і сталіцы. Здавалася б, што тут «лавіць» вясковым школьнікам? А яны «злавілі»! Умела пасмяяліся са сваёй уяў­най правінцыйнасці, прадэманстравалі доб­рыя акцёрскія здольнасці. А галоўнае – не «пераспеўвалі» чужыя жарты, а паказалі сваё. І тым (а не гасцінцамі, якія прыслалі журы бабулі і дзядулі, пераблытаўшы КВЗ і «Поле цудаў») «купілі» і журы, і гледачоў. Трэба было бачыць і чуць іх радасць, калі чэмпіёнам назвалі «Сям’ю»! Не менш лікавала ў зале і іх група падтрымкі з ліку бацькоў і вучняў школы – гэта была іх агульная перамога.
Праз некалькі хвілін узарваліся «Вайбер», «Тэлеграм», «Інстаграм» і іншыя мэсанджары – сенсацыйная вестка маланкай абляцела не толькі Варняны, але ўсю Астравеччыну. Назаўтра яны прачнуліся знакамітымі!
…А паслязаўтра зноў заселі за падручнікі. Таму што перамога ў КВЗ не адмяняла ўдзелу ў цэнтралізаваных экзаменах і тэсціраванні, падрыхтоўкі да выпускнога вечара, хваляванняў, звязаных з паступ­леннем,  і іншых выпускных клопатаў.

…Так, заўтра яны пакінуць сваю школу, развітаюцца са сваім любімым «бацькам сямейства» Дзмітрыем Вячаслававічам і пойдуць у дарослае жыццё, поўнае новых выпрабаванняў і перамог. Але вірус КВЗ, які яны падхапілі ў выпускным класе, упэўнена, застанецца з імі назаўсёды. 
Так што глядзіце гульні Клуба вясёлых і знаходлівых – магчыма, хутка вы пачуеце знаёмыя галасы і ўбачыце родныя твары.
І, вядома ж, фірменны варнянскі шпагат!

 
 
Па сцяжынцы да школьнага парога Страчскай школы прайшліся яе былыя дырэктары Рэгіна Лапата і Алена Канчанін
Определились дипломанты конкурса совета ветеранов и объединения профсоюзов «Творение рук – душевный дар»
Первый профсоюзный молодёжный форум в Островце. День второй
Школа молодого специалиста
Мы дружбою своей сильны и Родиной своей горды!
Островчане побывали на патриотическом форуме ко Дню народного единства
День Независимости
Экскурсия в Брестскую крепость
Па сцяжынцы да школьнага парога Дравяніцкай школы
В «Ласточке» молодёжный совет образования провёл квест для детей
Ромашковые поля c пожеланиями на лепестках дарили на День семьи в Островце
Я – педагог и патриот своей страны