+375-1591-78837  231201 ул. Пионерская, 5 г. Островец

 

Главная » Новости » 28. 08. 2023

Па сцяжынках да школьнага парога Дравяніцкай, Алясінскай і Спондаўской школ прайшоўся яе былы настаўнік і дырэктар Тэафілій Міха

29 жніўня Тэафілію Баніфацавічу Міхаль­кевічу, былому дырэктару двух школ раёна спаўняецца 90 гадоў. З гэтай нагоды пагутарылі з ім пра працу настаўніка і лёс педагога.

Так склалася, што праз жыццё сённяшняга ветэрана педагагічнай працы прайшло некалькі школ – кожная засталася ў памяці, з кожнай звязаны асаблівыя ўспаміны. 
Нарадзіўся Тэафілій Баніфацавіч у 1933 го­дзе ў вёсцы Слабодцы Гервяцкага сельсавета.
– Вёсачка была невялікая – усяго 10 двароў. Спачатку я вучыўся ў Альгінянскай пачатковай школе, у ёй, дарэчы, настаўнічаў мой бацька. Потым пайшоў у Гервяцкую сямігодку. Пасля яе заканчэння дарога была адна – у Ашмянскае педвучылішча. І гэта не толькі ўплыў бацькі, мне хацелася быць педагогам.
Пасля заканчэння педвучылішча па накіраванні Тэафілій Баніфацавіч трапіў у Іўеўскі раён, працаваць давялося ў Дайлідскай сямігодцы – і сёння настаўнік з усмешкай успамінае той год, расказваючы пра добры калектыў і адносіны паміж настаўнікамі.
– А потым выконваў грамадзянскі абавязак: 4 гады служыў на Балтыйскім флоце. Дамоў вярнуўся ў канцы 1958-га. Доўга не адпачываў, амаль адразу ж пайшоў у раённы аддзел адукацыі, які тады ўзначальваў Лугоўскі. Прапанавалі месца настаўніка ў Дравяніцкай пачатковай школе, – узгадвае Тэафілій Міхалькевіч. – Я згадзіўся.

Надзея Іванаўна і Тэафілій Баніфацавіч Міхалькевіч

Дравяніцкая пачатковая школа
За 4 гады службы ў арміі з адзен­ня, якое адвісела ў баць­коў­скай шафе, Тэафілій «вырас», таму на работу малады настаўнік адправіўся ў марацкай форме і бушлаце.
Дырэктарам школы была На­дзея Іванаўна Краско – прыгожая дзяўчына спадабалася хлопцу з першага погляду. Ды і ён таксама аказаў на яе ўражанне. Словам, спачатку пра­цавалі разам, а пасля пажаніліся.
– У Дравяніках прай­шло 8 гадоў майго настаўніцкага жыцця. Тут адбылося і маё пра­фесійнае станаў­ленне. І мена­віта тут я вырашыў, што трэба вучыцца далей. Гісторыя з паступ­­леннем была фантастычная, – расказвае настаўнік.
Тэафілій Баніфацавіч выра­шыў паступаць у Гродзенскі пед­­інстытут на філалагічнае аддзя­ленне. Адправіў па пошце заяву і стаў чакаць адказ – яго доўга не было. І аднойчы вечарам атрымаў канверт, у якім быў выклік на экзамен – назаўтра ў 9 гадзін раніцы трэба быць у Гродне.
– Што рабіць? На дварэ амаль ноч. Я кінуўся на станцыю Гудагай – 6 кіламетраў шлях невялікі. Сустрэў дзяжурную, пытаю, як да Гродна дабрацца. «Цягнікоў у абласны цэнтр няма, але зараз на Маладзечна будзе адпраўляцца паравоз – ідзі, папрасі, можа, возьмуць», – адказвае тая. Я да машыністаў, растлумачыў сітуацыю – і яны не адмовілі. Дабраўся ў Маладзечна, на маё шчасце праз паўгадзіны адтуль адпраўляўся цягнік на Гродна, – узгадвае Тэафілій Баніфацавіч. 
У інстытуце, дарэчы, усё таксама склалася добра: амаль у 9 гадзін дра­вяніцкі настаўнік забег у аўдыторыю, дзе ўжо аб’яўлялі тэмы сачыненняў па рускай літаратуры. Напісаў работу Міхалькевіч паспяхова. Затым гэтак жа добра здаў іспыты па гісторыі і рускай мове.
– Я і сёння помню тэмы тых сачыненняў. Варыянтаў было 3: па драме «Гроза» Астроўскага, па «Евгению Онегину» Пушкіна і вольная – «Человек человеку друг, товарищ и брат». Выбраў апошнюю. А на гісторыі выцягнуў білет пра адмену прыгоннага права ў Расіі і Сталінградскую бітву – пытанні для мяне былі простымі. І дыктант цяжкасцей не выклікаў. Так стаў студэнтам. Вярнуўся дамоў шчаслівым. Узрадавалася гэтаму і жонка, – усміхаецца ветэран працы.
– Я заўсёды з радасцю і задавальненнем успамінаю гады працы ў Дравяніках – школа ўвесь час была ў лідарах. За гэта мая жонка атрымала званне «Выдатнік народнай асветы», а мяне ўзнагародзілі медалём «За трудовое отличие». 

Алясінская васьмігодка
Праз 8 гадоў Тэафілію Бані­фа­цавічу прапанавалі ўзна­чаліць Алясінскую васьмігодку. Яму яшчэ заставалася год вучыцца ў інстытуце – гэта крыху непакоіла. Але тагачасны загадчык раённага аддзела адукацыі Расціслаў Арсенцьевіч Герт супакоіў: справішся. І ён вырашыў паспрабаваць – не прывык пасаваць перад цяжкасцямі.
– Школу я добра ведаў, мы ў адным сельсавеце знахо­дзіліся. Але ўсё ж паехаў, паглядзеў – спадабалася. І за 12 гадоў работы ні разу не пашкадаваў, што прыняў тады прапанову яе ўзначаліць, – гаворыць Тэафілій Баніфацавіч. – Там прайшлі лепшыя гады жыцця. Мы цесна супрацоўнічалі з мясцовым калгасам: дапамагалі яму – ён нам. Школа заўсёды была ў перадавіках – штогод атрымлівалі граматы.
Тэафілій Баніфацавіч з лю­боўю адкрывае фотаальбом тых часоў і перагортвае старонкі. Іх нямала – некалі сам навучыўся здымаць, праяўляць фотаплёнку і друкаваць здымкі. 
– Алясінская – самая 
дарагая школа. Прыгожае месца. Мы былі маладыя, калектыў – добры дружны, – з замілаваннем гаворыць былы дырэктар і ўзгадвае настаўнікаў: Ірына Аркадзьеўна Давідовіч, Марыя Геранімаўна Снітко, якая прыняла ўстанову ад мяне і стала дырэктарам, Рэгіна Хурс, Яўгенія Мікалаеўна Ганчарук, Танкіх, Хаміцэвіч – ён выкладаў працу і фізкультуру, Бурак была матэматыкам, а Надзея Іванаўна Міхалькевіч працавала ў пачатковых класах. Усе святы – дзяржаўныя і сямейныя – разам заўсёды адзначалі. Весела было…
– Спачатку, як і ў Дравяніках, мы жылі пры школе, потым побач купілі дом, – гаворыць настаўнік. – На жаль, школы ўжо няма – згарэла… Толькі фотаздымкі і ўспаміны пра яе і засталіся…

Алясінская васьмігодка, 1967 год


Вучні і настаўнікі Алясінскай школы разам са старшынёй калгаса Іванам Рыгоравічам Малочкам і ветэранам Вялікай Айчыннай вайны Ганнай Пятроўнай Сітнікавай


Надзея Іванаўна Міхалькевіч з класам на суботніку каля Алясінскай школы

Спондаўская сярэдняя школа
працавала з 1972-га. Да 1978 года тут змянілася тры дырэктары. Тады пасаду прапанавалі Міхалькевічу.
– Нам вельмі добра працавалася і жылося ў Алясіне і ехаць на другі канец раёна не хацелася, – узгадвае Тэафілій Баніфацавіч. – Школа хоць і была новая, сучасная, двухпавярховая, поспехамі не славілася. І спачатку я нават вырашыў адмовіцца, але не выйшла – давялося ехаць.
– Прыехалі мы з жонкай у Спонды – і засталіся тут на ўсё жыццё. У 1993-м я выйшаў на пенсію, але яшчэ год адпрацаваў, – усміхаецца Міхалькевіч.
– У Спондаўскай школе, у адрозненне ад Дравяніцкай ці Алясінскай, класы былі вялікія – усяго ва ўстанове вучылася больш за 200 дзяцей. З часам і Спонды сталі выходзіць на лепшыя пазіцыі ў раёне. Адбылося гэта дзякуючы агульным намаганням – калектыў быў добры, на яго і абапіраўся. 
У час дырэктарства Тэафілія Баніфацавіча ў школе стварылі музей Баявой славы імя Фёдара Маркава. Ідэю прапанаваў настаўнік гісторыі Іван Мікітавіч Мартынаў, ён жа ўзяўся за яе ажыццяўленне.
– Усё рабілі пад яго кіраў­ніцтвам. Усе дапамагалі – і атрымалася карысная і важная справа. Іван Мікітавіч шмат зрабіў для захавання гістарычнай памяці, – упэўнены былы дырэктар. – Цесная сувязь была і з мясцовым калгасам. Мы адносіліся да гаспадаркі «Ясная паляна», старшынёй якой быў Адам Дзмітрыевіч Горбаль. 
Штогод калектыў, які ўзна­чаліў Тэафілій Баніфацавіч, атрымліваў граматы, працу дырэктара таксама адзначалі – і хутка школа стала адной з лепшых у раёне. Штогод сюды прыходзілі новыя настаўнікі і вучні – і кожны стараўся пакінуць след у гісторыі школы. Упэўнена, што след Тэафілія Баніфацавіча тут таксама захаваўся…
– Усё маё жыццё прысвечана школе – больш і ўспамінаць няма чаго, – усміхаецца педагог. – І дзеці розныя былі, і настаўнікі, але жыццё я пражыў добрае і адносіны з настаўнікамі і вучнямі ў мяне былі таксама добрыя. Хочацца верыць, што нехта і мяне ўспамінае добрым словам…

Настаўнікі гісторыі Іван Мікітавіч Мартынаў, матэматыкі Яўгенія Рыгораўна Урбановіч, намеснік дырэктара Спондаўскай школы Ніна Васільеўна Казырыцкая и яе дырэктар Тэафілій Баніфацавіч Міхалькевіч з вучнямі 

Фота аўтара і 
з архіва Т.Б. Міхалькевіча.

 
 
Па сцяжынцы да школьнага парога Страчскай школы прайшліся яе былыя дырэктары Рэгіна Лапата і Алена Канчанін
Определились дипломанты конкурса совета ветеранов и объединения профсоюзов «Творение рук – душевный дар»
Первый профсоюзный молодёжный форум в Островце. День второй
Школа молодого специалиста
Мы дружбою своей сильны и Родиной своей горды!
Островчане побывали на патриотическом форуме ко Дню народного единства
День Независимости
Экскурсия в Брестскую крепость
Па сцяжынцы да школьнага парога Дравяніцкай школы
В «Ласточке» молодёжный совет образования провёл квест для детей
Ромашковые поля c пожеланиями на лепестках дарили на День семьи в Островце
Я – педагог и патриот своей страны