+375-1591-78837  231201 ул. Пионерская, 5 г. Островец

 

Главная » Новости » 11. 12. 2023

Па сцяжынцы да школьнага парога Дзягенеўскай васьмігадовай школы прайшліся яе былыя вучаніца і настаўнікі


Напэўна, кожны з нас у любым узросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.

 

Наш сумесны з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праект “Сцяжынка да школьнага парога” прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.

З гісторыі школы

Наўрад ці хто скажа, калі адчынілі Дзягенеўскую васьмігодку. Вядома толькі, што размяшчалася яна ў былым панскім маёнтку. Сёння ад яго не засталося нават падмурку. Але ёсць людзі, якія тут вучыліся і працавалі. Жыве гэта памяць і ў сямейных фотаархівах.

 

Дзягенеўская школа размяшчалася паміж вёскамі Дзягенева, Індрубкай і Слабодкай. Побач працякала рэчка, стаялі стары млын і лядоўня, расла ліпавая алея. Дзеці прыходзілі на заняткі з Індрубкі, Слабодкі, Дзягенева, Трайгоў, Мікшан і бліжэйшых хутароў, а таксама са Скірсцін Ашмянскага раёна.

Расказвае былы настаўнік пачатковых класаў Тамара Сцяпанаўна Петрусевіч (Хіло):

– Родам я з вёскі Альсевічы Мядзельскага раёна. Пасля заканчэння Полацкага педвучылішча здала экамены і стала завочніцай Віцебскага пед­інстытута імя Кірава.

У 1963 годзе мяне размеркавалі на Астравеччыну, тады яна ўваходзіла ў склад Ашмянскага раёна. Спачатку прапанавалі месца ў Алясінскай школе, потым – у Дзягенеўскай.

Дырэктарам установы быў Міхаіл Андрэевіч Буцянаў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, паважаны чалавек сярод настаўнікаў, вучняў і бацькоў. Помніцца, што нейкі час, калі ён адсутнічаў, школай загадвала Любоў Лукінічна Валуевіч.


Міхаіл Андрэевіч Буцянаў

 

У любой справе самае цяжкае – зрабіць першыя крокі, асабліва калі гэта крокі ў прафесію, а ты яшчэ малады і, нягледзячы на адукацыю, не маеш практыкі. Мне пашанцавала: на маім шляху сустрэліся і добрыя настаўнікі, і добрыя дзеці, і такія ж бацькі.

Прадметы выкладала ў 1 і 3 класах; 2-я і 4-я вучыла Ванда Лявонцьеўна Шалькевіч (Буцянава) – жонка дырэктара. Ад яе спасцігала не толькі педагагічную навуку, але і ўменне размаўляць з бацькамі і нават апранацца.

З удзячнасцю ўспамінаю Кацярыну Сцяпанаўну Бобрык, Любоў Лукінічну Валуевіч і многіх іншых – кожны Настаўнік з вялікай літары. І ўвогуле калектыў быў добрым, здавалася, мы разумелі адзін аднаго з паўслова. 

Што ўяўляла сабой тэрыторыя школы? На ўлонні прыроды, можна сказаць, на хутары размяшчаліся дом, у якім жыў дырэктар з сям’ёй; будынак пачатковых класаў на два пакоі і яшчэ адзін – для 5-8 класаў, там жа была настаўніцкая. Педагогі жылі ў Слабодцы – кожны дзень хадзілі ў школу пешшу.

Якая прыгажосць тут была вясной! Адчыніш акно – і чуеш спевы салаўя. 

У будынках і на тэрыторыі заў­сёды быў парадак. Радаваў дагледжаны агарод, на якім збіралі багаты ўраджай. Займалася ім біёлаг Тарэса Пятроўна Трэйгіс (Грыневіч), дапамагала ёй Ванда Лявонцьеўна і вучні.

Былі ў мяне і дадатковыя нагрузкі – піянерважатай і сакратара калгаснай камсамольскай арганізацыі. Мы з настаўнікамі і мясцовай моладдзю ладзілі цудоўныя канцэрты, выступалі ў клубе ў Слабодцы. Добрыя святы арганізоўвалі і ў школе. 

І сёння помню ўсіх сваіх вучняў. У першым класе вучыліся Янка і Ядвіга Галкі, Лёдзя Гродзь, Лёля Калышка, Стась Замара, Іван Дубіцкі, Тарэса Нэй. У трэцім – Оля Рагальская, Іра Замара, Міхась Падарэцкі, Гена і Зыгмунд Врублеўскія.

Пасля Дзягенеўскай школы тры гады адпрацавала ў Градаў­шчызненскай, выкладала хімію і біялогію ў 5-8 класах, дадаткова вяла спевы. А пасля настаўнічала ў астравецкай. Але менавіта педагогам і вучням Дзягенеўскай удзячна за тое, што дапамаглі зрабіць першыя крокі ў прафесію і стаць настаўніцай.


Расказвае былая вучаніца Вольга Міхайлаўна Зарэцкая (Буцянава):

– Мае бацькі працавалі ў гэтай школе. Гэта частка майго жыцця: у гэтым месцы мы з братам нарадзіліся, тут жылі, тут праходзіла наша дзяцінства. На тэрыторыі было шмат спартыўных пляцовак – на іх бавілі час.

 …Тата і мама родам з Магілёўскай вобласці. Маці, Ванду Лявонцьеўну Шалькевіч, накі­равалі на Астравеччыну ў 1946 годзе. Спачатку яна была загадчыкам Алясінскай пачатковай школы, а ў 1948-м яе перавялі ў Дзягенеўскую – тут яна і працавала ўсё жыццё. А тату, Міхаіла Андрэевіча Буцянава, лёс звязаў з Астравеччынай у 1949 годзе. Пачынаў ён настаўнікам пачатковых класаў Мальскай школы, а
ў 1950-м быў пераведзены ў Дзягенеўскую. Менавіта тут бацькі і сустрэліся. Праз пяць гадоў тата ўзначаліў гэтую ўстанову, але працягваў настаўнічаць: выкла­даў гісторыю ў 5-7 класах. Дырэктарам працаваў да выхаду на пенсію.

Ванда Лявонцьеўна Шалькевіч (Буцянава) са сваімі вучнямі, 1950 год.

 Пасля таты два гады дырэктарам школы быў Мікалай Францавіч Шкурскі, пасля яго ўзначаліла ўстанову Любоў Лукінічна Валуевіч – пры ёй яе і закрылі ў 1989 годзе.
Мама брала мяне ў школу з маленства. А куды было дзець? Мне пашылі торбачку, у якую складвала ўсе неабходныя рэчы. Я садзілася за апошнюю парту і малявала, пісала, штосьці выразала, клеіла – словам, была занята справай, пакуль маці вяла ўрокі. 

 Напэўна, ужо тады я разумела, якая ў маіх бацькоў важная і патрэбная прафесія. Яны заўсёды адказна ставіліся да ўрокаў. Помню, як тата і мама рыхтаваліся да іх – і дысцыпліна ў іх была заўсёды на занятках.

 Вучняў у школе было няшмат – кожны ведаў адзін аднаго. Вельмі зайздросціла, што яны кампаніяй ідуць на заняткі і назад – ім весела і цікава. І так чакала, каб яны хутчэй прыйшлі, а потым, калі яны вярталіся дамоў, – зноў наступала цішыня і рабілася сумна. Цудоўны быў і педагагічны калектыў – людзі розныя па характары і адукацыі, глыбіні душы і ўспрыняцці свету – усе былі адданыя справе, любілі дзяцей бязмежна. Я ніколі не бачыла, каб яны дрэнна адносіліся да школьнікаў. І ніколі не было такога, каб вадзілі да дырэктара «на кавёр».
Калі вучылася ў школе (з 1960 па 1968 год), рускую мову выкладала Кацярына Сцяпанаўна Боб­рык – сапраўдны настаўнік-інтэлігент, яна ўсю сябе прысвяціла педага­гічнай дзейнасці. Беларускую мову вяла Любоў Лукінічна Ва­луевіч, а Тарэса Пятроўна Трэйгіс – хімію і біялогію. У розныя гады ў школе таксама працавалі Ірына Браніславаўна Слясарчык, Аляксандр Іванавіч Пілецкі, Уладзімір Здзіслававіч Шырынскі, Элеанора Браніславаўна Пятрова, Марыя Віктараўна Пагада, Ядвіга Віктараўна Сазонава, Рэгіна Юркойць, Яўгенія Мікалаеўна Карнейка. Класным кіраўніком у мяне была Валянціна Мікалаеўна Цішкоўская. Працоў­нае навучанне выкладаў Мірас­лаў Казіміравіч Ляшнеўскі. На ўроках працы мы не дзяліліся на хлопцаў і дзяўчат – і я ўдзячна, што ён навучыў нас пілаваць, цвікі забіваць. Брат успамінаў, што былі станкі для работы па дрэве і метале.

8 клас з настаўнікамі, 1964-1965 вучэбны год.

 Каля будынка дзеці з настаў­нікамі заклалі вялікі сад, бярозавую алею пасадзілі. Штогод мы рабілі шпакоўні, садзілі агарод, а вырашчанае аддавалі ў сталовую. Калгасу дапамагалі капаць буль­бу, садзіць капусту. Аднойчы нават кукурузу садзілі – тады яе толькі сталі вырошчваць на Астравеччыне. Прывезлі некалькі мяхоў, нарэзалі радкі і сказалі прыкопваць па два зярняткі.На заробленыя грошы нас вазілі на экскурсіі – пабывалі ў Маскве і Ленінградзе, Брэсце і Мінску. Хадзілі і ў паходы. Напрыклад, у Жупраны і Кушляны – і ўсё пешшу. І перакусіць з сабой бралі – у каго што было, тое бацькі і давалі. Памятаю, адзін хлопчык узяў смятану ў паўлітровым слоіку. Пакуль мы прыйшлі ў тыя Жупраны – масла атрымалася. (Усміхаецца.) 
Удзельнічалі ў спаборніцтвах, спарта­кіядах, арыентаванні. Чамусьці ўспамінаецца, як зімой гулялі ў «Зарніцу»: хлопцы рабілі ружжы, са снегу будавалі акопы, і мы «стралялі» адзін у аднаго снежкамі, пафарбаванымі чырвонымі і сінімі чарніламі. Было цікава.

 Памятнымі былі і паездкі на спаборніцтвы па валейболе і баскетболе ў Гудагайскую школу. У нас фізкультуру вёў Мікалай Іванавіч Сяркоў – апантаны малады чалавек. А ў Гудагайскай школе працаваў яго былы настаўнік Пётр Раманавіч Блізнік. І яны арганізоўвалі для нас турніры. А ў Астравец мы ездзілі на лёгкую атлетыку. 

  Па савецкай традыцыі дзяцей прымалі ў акцяб­раты і піянеры, у камсамол уступалі ў райкаме ў Астраўцы. Я была сакратаром камсамольскай арганізацыі – вучылі з сябрамі статут, адзін аднаго правяралі, стараліся быць прыкладам. Вось у такой невялічкай школцы было столькі цікавага! Я вельмі ўдзячна ўсім настаўнікам, тэхнічным работнікам, якія ства­ралі для нас чысціню, повару – яна была цудоўная. Мне здаецца, што нашы вучні выраслі добрымі людзьмі, атрымалі прафесіі і ўнеслі пэўны ўклад у развіццё нашай краіны.

  Я ж прадоўжыла бацькоўскую справу – стала настаўніцай. Дарэчы, мая аднакласніца Вольга Станіславаўна Броўка – таксама. І вельмі хацелася б даведацца, хто яшчэ з вучняў нашай школы выбраў прафесію педагога – гэта важна для захавання памяці аб установе.

Расказвае настаўнік гімназіі №1 Марыя Віктараўна Пагада:



 – Пасля няўдалай спробы паступлення ў БДУ – у мяне тады скралі ўсе рэчы і грошы і я вярнулася дамоў – уладкавалася лабарантам у родную Міхалішскую школу. Праз год паступіла ў Гродзенскі інстытут на завочнае аддзяленне на беларуска-рускую філалогію. А 1 верасня 1985 года мне прапанавалі месца ў Дзягенеўскай школе, сказаўшы, што год у школе пачынаецца з бульбакапання. Якім жа было маё здзіўленне, калі 4 верасня я прыйшла на заняткі ў рабочым адзенні, а ўсе вучыліся, бо надвор’е было дрэнным. (Усміхаецца.)
Дырэктар строга глянула і завяла мяне да васьмікласнікаў на беларускую літаратуру. У класе было чалавек 12, першая тэма – па творчасці Янкі Купалы. Штосьці ведала – у той год здавала экзамены на паступленне, аднак адчувала сябе не вельмі ўтульна, бо была ў рабочым адзенні. Але Любоў Лукінічна Валуевіч хутка расставіла ўсе кропкі над «і»: «Гэта ваш настаўнік Марыя Віктараўна. Любіце і паважайце».

 Мне далі 28 гадзін рускай і беларускай мовы і літаратуры, спевы і ў нагрузку – абавязкі піянерважатай.Працаваць было цікава. Спадабалася, што да мяне, яшчэ горкага дзіцяці, адносіліся, як да сапраўднага настаўніка – называлі па імені і імені па бацьку. Я саромелася і баялася штосьці спытаць у настаўнікаў. Калі штосьці не разумела, то ехала ў Міхалішкі да сваёй настаўніцы Святланы Аляксандраўны Зотавай. Як пісаць планы, ведала дзякуючы Якаву Дзям’янавічу, пры якім працавала лабарантам. Любоў Лукінічна Валуевіч, Мі­ка­лай Францавіч Шкурскі, Аляк­сандр Іванавіч Пілецкі, Вольга Станіславаўна Броўка, Кацярына Сцяпанаўна Бобрык, Валянціна Паў­лаўна Кедас, Здзіслаў Здзісла­вавіч Шырынскі – яны сталі для мяне бацькамі, апекавалі, хто як мог, адносіліся, як да дачкі ці ўнучкі.

  Любоў Лукінічна наведвала ўро­кі, гутарыла, падказвала. Яна была строгай і патрабавальнай, але ставілася да настаўнікаў па-баць­коўску. Дзесьці праз тры гады я пацвярджала кваліфікацыю – і тады дырэктар сказала: настаўнік з яе добры, а вось піянерважатай не стаўце. Мне і сапраўды гэта работа не вельмі падабалася, але я старалася: арганізоўвала святы, канцэрты. Помніцца, на перапынках мы абмяркоўвалі газеты – іх выпісвалі вельмі шмат. І прыслухоўвалася, якія думкі выказваюць настаўнікі, што іх цікавіць. Памятаю, калі школу зачынялі, у ёй было 57 вучняў 4-8 класаў. Тады ж Любоў Лукінічна пайшла на пенсію. Гэта была цудоўная школа, тут прайшло маё станаўленне як настаўніка. Потым мне ўжо было лёгка працаваць і стасавацца з іншымі педагогамі.

Расказвае настаўнік гімназіі №1 Аляксандра Іосіфаўна Мацкевіч:

– У Дзягенеўскую школу я прыйшла пасля інстытута ў 1980-м годзе. Далі мне 5 клас, у якім было 6 дзяцей: Лена Гродзь, Юля Андрыеўская, Віця Кукаловіч, Ваня Спірыдовіч, Слава Трусевіч і Толя Васілеўскі. Самы вялікі клас быў 8-мы – у ім вучылася 10 чалавек.

Пачынаць было страшна, але наш дырэктар Любоў Лукінічна Валуевіч сказала: «Дзеці ў нас добрыя, не хвалюйся, усё атрымаецца». Так і сталася.

Спачатку мне далі 18 гадзін матэматыкі і класнае кіраўніцтва. Дырэктар цікавілася, ці атрым­ліваецца, ці пішу планы, ці ёсць цяжкасці. І канешне ж, хваліла, давала парады. Гэта было па-добраму і проста. Працаваць з ёй было адно задавальненне.

Першыя два месяцы я жыла ў Слабодцы, потым зняла кватэру ў Астраўцы. Адкуль мы разам з Наталляй Патап (настаўнікам рускай мовы), Аляксандрам Пілецкім (гісторыі), Мікалаем Францавічам Шкурскім (біялогіі, хіміі, працы) ездзілі на работу.

Дабіраліся на аўтобусе. Калі яго не было, дырэктар адпраўляла свайго мужа Мечыслава Аляк­сан­дра­­віча, які ўзначальваў мясцовы кал­гас «Шлях Леніна», за намі – і ён падвозіў нас да пераезда, а да школы мы ішлі пешшу.

Падчас маёй работы ў Дзягене­ве, пачатковых класаў ужо не было – дзеці вучыліся ў Слабодцы.

У гэтай школе я адпрацавала ўсяго тры гады, але з усімі нас­таўнікамі і яе дырэктарам у мяне добрыя адносіны. З Любоўю Лукі­нічнай і цяпер стасуюся, стараюся патэлефанаваць і па­віншаваць са святамі.

 

 

Текст: Администратор сайта
Фото: з архіва герояў публікацыі
 
 
Па сцяжынцы да школьнага парога Страчскай школы прайшліся яе былыя дырэктары Рэгіна Лапата і Алена Канчанін
Определились дипломанты конкурса совета ветеранов и объединения профсоюзов «Творение рук – душевный дар»
Первый профсоюзный молодёжный форум в Островце. День второй
Школа молодого специалиста
Мы дружбою своей сильны и Родиной своей горды!
Островчане побывали на патриотическом форуме ко Дню народного единства
День Независимости
Экскурсия в Брестскую крепость
Па сцяжынцы да школьнага парога Дравяніцкай школы
В «Ласточке» молодёжный совет образования провёл квест для детей
Ромашковые поля c пожеланиями на лепестках дарили на День семьи в Островце
Я – педагог и патриот своей страны