+375-1591-78837  231201 ул. Пионерская, 5 г. Островец

 

Главная » Новости » 11. 06. 2024

Па сцяжынцы да школьнага парога Літвянскай пачатковай школы прайшліся яе былыя дырэктары Наталля Кульбіцкая і Алена Змітровіч

Напэўна, кожны з нас у любым узросце помніць той момант, калі ўпершыню пераступіў парог роднай школы, гады вучобы і настаўнікаў. Помняць тыя шчаслівыя часы і педагогі, якія аддавалі любоў і веды дзецям.
Наш сумесны з райкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі праект “Сцяжынка да школьнага парога”прысвечаны закрытым школам і людзям, што некалі там працавалі і вучыліся.
У першыя дні станаўлення савецкай улады ў нашым раёне былі арганізаваны пачатковыя школы ў вёсках Літвяны, Рызгоры, Рытань. Цікава, што ўжо ў 1951 годзе ў Рызгорах быў 5 клас, а ў 1952 годзе дзяцей, што ў ім вучыліся, перавялі ў вёску Рытань.

Яшчэ раней, у 1948 годзе, 5 клас з’явіўся ў Літвянах, а ў 1951 годзе школа стала сямігодкай і працавала ў такім фармаце да 1962 года, калі сярэдніх школьнікаў перавялі ў Рытань. У Літвянах засталася «пачаткоўка», якая праіснавала да 2002 года.
Расказвае былы дырэктар і настаўнік Літвянскай пачатковай школы Наталля Кульбіцкая:
– Родам я з вёскі Брольнікі Навагрудскага раёна. З дзяцінства марыла быць настаўнікам, усе гульні былі звязаны менавіта са школай. Менавіта таму і атрымала адукацыю настаўніка працы і чарчэння ў Аршанскім педвучылішчы, потым яшчэ адвучылася ў Брэсцкім педагагічным інстытуце.
Па размеркаванні прыехала на Астравеччыну ў 1980 годзе. Працавала ў групе падоўжанага дня ў Рытанскай школе, потым прапанавалі перайсці ў Літвяны і я згадзілася. Так з 1983-га па 1996-ты і адпрацавала тут настаўнікам і дырэктарам установы.
Калі прапанавалі ўзначаліць Літвян­скую школу, спачатку з’ез­дзіла паглядзела яе – мне спадабалася. Невялікая, на той час быў абсталяваны ўсяго адзін клас – утульны і прыгожы. Яшчэ адно памяшканне пуставала – у ім ніхто не вучыўся. Калі дзяцей пабольшала, з’явіўся яшчэ адзін настаўнік.

У гэтым жа будынку жыла і ранейшая настаўніца і дырэктар – Надзея Ісакаўна Барздыка, вельмі добрая жанчына, яе любілі дзеці і паважалі дарослыя. Жыла яна з маці і мужам. Гэта сям’я прыняла мяне вельмі доб­ра. Яе муж быў ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, праўда, расказваць пра гады ліхалецця ён не любіў, хаця прайшоў усю вайну з самага пачатку.
Калі я пачынала, у школе вучылася каля 10 дзяцей, адукацыя ў пачатковай школе тады была трохгадовая і былі толькі 1 і 3 класы. 
У 1990 годзе малышоў па­большала, і другой настаўніцай прыйшла працаваць Людміла
Станіславаўна Баран, пазней яе змяніла Вольга Татарыновіч, а затым Жанна Аркадзьеўна Кісель.
Адзін год, з 1984-га па 1985-ты, я была ў дэкрэтным адпачынку, тады замест мяне працавала настаўніца з Астраўца. Праўда, мы з ёй ні разу і не сустрэліся.
У 1996 годзе я перайшла ў Рытань, а замест мяне дырэктарам прызначылі Алену Іванаўну Зміт­ровіч, якая і працавала тут да 2002 года, пакуль школу не закрылі.
Быў момант, калі пачатковая адукацыя стала чатырохгадовай, тады ж мне давялося працаваць адной. І гэта было дастаткова складана.
У школу хадзілі дзеці з Літвян. Спачатку працавала ў адну змену, а затым у паўтары, тады аб’яд­ноўвала некалькі класаў на ўрокі фізкультуры, працы, спеваў, малявання. Працоўны дзень доўжыўся ажно да 16.00. Пакуль вярнуся дамоў, а яшчэ да ўрокаў трэба было падрых­тавацца, сшыткі праверыць…
Каля школы было 2 участкі. Спачатку на іх мы садзілі бульбу, капалі яе і прадавалі. Потым сеялі авёс, касілі і таксама прадавалі, затым перайшлі на траву.

Вялікі быў і двор. Яго трэба было абкошваць. Была ў нас тэхработнік – мясцовая жанчына, якая прыглядала за парадкам у школе і на яе тэрыторыі, паліла печ і гатавала для дзяцей чай. Да яго давалі пячэнне. Пазней, калі было арганізавана гарачае харчаванне, гатавалі абеды: куплялі і адварвалі калбасу. Елі дзеці прама ў класе.
Дапамогу школе аказваў сельс­кі Савет, ён выдзяляў грошы на рамонт і абнаўленне кабінетаў.
Аднойчы мы рабілі рамонт школьнай пляцоўкі. Сельсавет даў рабочых, дошкі атрымала ў Астраўцы. Заадно паставілі новы плот. Каля ўстановы стала яшчэ прыгажэй.

Вельмі цудоўныя святы ў нас атрымліваліся. На Новы год збі­раліся ў Літвянскім клубе, мясцовыя жыхары з радасцю пры­ходзілі на такія мерапрыемст­вы. На іншыя святы жыхароў вёскі, неабавязкова бацькоў, запрашалі да сябе ў школу – усім было цікава і радасна, што іх не забываюць. Асабліва любілі прыходзіць на нашы святы мясцовыя бабулі. І нам было весела і цікава, і лю­дзям добра. Для ўсёй вёскі 1 верасня таксама было святам.
Я помню кожнага свайго вучня. Хтосьці стаў настаўнікам, работнікам лясной ці сельскай гаспадаркі, хтосьці выехаў з роднага кутка і даўно не быў на радзіме, а нехта спрыяе яе развіццю ў родным раёне.
І сёння я рада, што мая дзіцячая мара стаць настаўнікам калісьці ажыццявілася. Ніколі не расчаравалася ў зробленым выбары і што­дзень з радасцю бегла ў школу.

Расказвае былы дырэктар і настаўнік Літвянскай пачатковай школы Алена Змітровіч:
– Маладым спецыялістам я прыйшла ў Рытанскую базавую школу настаўнікам пачатковых класаў. Адпрацавала тут 4 гады, а праз нейкі час пасля дэкрэтнага адпачынку перайшла ў Літвяны.
Была настаўнікам і выконвала абавязкі дырэктара. Гэта была малакамплектная школа: на 4 класы – 1 настаўнік. Дзеці займаліся ў адным памяшканні. Было іх няшмат – у першы год маёй работы ў 1, 3 і 4 класах вучылася 9 дзетак.

Вопыт працы настаўнікам у мяне ўжо быў, а дырэктарскі давялося набываць. Да 1 верасня зрабілі рамонт у класе. Матэрыяльна ўстанову падтрымліваў Кемелішскі сельсавет: старшыня прывозіў фарбу, шпалеры. А рабілі рамонт сваімі сіламі: я і тэхработнік.
Праз нейкі час, дзесьці ў 1998 годзе, у пачатковых класах сталі ўводзіць вывучэнне замежнай мовы. Таму да нас раз на тыдзень прыязджаў настаўнік англійскай мовы з Рытанскай школы.
Многа ўвагі я надавала добраўпарадкаванню. Школа размя­шчалася на тэрыторыі былой панскай сядзібы. На той час панскага дома ўжо не было, стаяў толькі дом прыслугі – менавіта ў ім і размяшчалася школа. Прынамсі, так мне расказвалі мясцовыя жыхары. На тэрыторыі школы расло шмат дрэў, сярод іх былі грабы, моцная драўніна якіх выкарыстоўваецца ў аўтамабілебудаванні.
Увесь раздатачны матэрыял мы яшчэ рабілі самі – дапамагаў муж, ён доб­ра маляваў.
Атмасфера паміж вучнямі ў класах была сяброўская. Дзеці не толькі вучыліся ра­зам, але і сябравалі. Добрыя адносіны былі і з бацькамі. Яны заўсёды прыходзілі на бацькоўскія сходы і святы, дапамагалі. Мы разам наводзілі парадак на тэрыторыі, добраўпарадкавалі спартыўную пляцоўку.

Школьныя святы звычайна праходзілі ў школе, але час­та дарослыя і дзеці збіраліся ў сельскім клубе і ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах. Мы нават «Паўлінку» ставілі, усёй вёскай адзначалі Купалле, збіраліся дарослыя і дзеці – усім было цікава. 
Усе мае вучні ўжо дарослыя. Часам сустракаемся ў горадзе, адносіны з аднакласнікамі падтрымлівае і дачка, якая ў Літвянах вучылася ў 1-м класе, а потым яна і іншыя вучні перайшлі ў Рытанскую школу, а Літвянскую закрылі. 
Зрэшты, бацькі закрыццё школы прынялі добра – многія разумелі, што ў большай школе дзецям будзе лепш. Тым больш, што арганізавалі падвоз – у гэтым дапамог калгас, які забіраў бацькоў на работу, а дзяцей вёз у школу.
Разам з дзецьмі ў Рытань перайшла і я.

Фота аўтара і з архіва гераінь публікацый.

 

 
 
Па сцяжынцы да школьнага парога Страчскай школы прайшліся яе былыя дырэктары Рэгіна Лапата і Алена Канчанін
Определились дипломанты конкурса совета ветеранов и объединения профсоюзов «Творение рук – душевный дар»
Первый профсоюзный молодёжный форум в Островце. День второй
Школа молодого специалиста
Мы дружбою своей сильны и Родиной своей горды!
Островчане побывали на патриотическом форуме ко Дню народного единства
День Независимости
Экскурсия в Брестскую крепость
Па сцяжынцы да школьнага парога Дравяніцкай школы
В «Ласточке» молодёжный совет образования провёл квест для детей
Ромашковые поля c пожеланиями на лепестках дарили на День семьи в Островце
Я – педагог и патриот своей страны