+375-1591-78837  231201 ул. Пионерская, 5 г. Островец

 

Главная » Новости » 22. 07. 2024

Пра візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Гервяты ўзгадвае былы дырэктар школы Наталля Мацко

У 2007 годзе ў гісторыі Астравеччыны адбылася знакавая падзея: упершыню наш раён наведаў Прэзідэнт. Гонар прымаць на сваёй зямлі Аляксандра Лукашэнку выпаў першаму аграгарадку раёна – Гервятам. 

Успамінамі пра візіт лідара нашай краіны падзя­лілася былы дырэктар мясцовай школы Наталля Іванаўна Мацко:

 – У межах Дзяржаўнай праг­рамы адраджэння і развіцця вёскі наш населены пункт стаў першым у Астравецкім раёне, які павінен быў атрымаць статус аграгарадка. Гэта значыць, што ўсе сацыяльна значныя аб’екты, у тым ліку і нашу навучальную школу, чакала добраўпарадкаванне і станоўчыя змяненні.

Гервяцкая школа здадзена ў эксплуатацыю напачатку 60-х гадоў. Працяглы перыяд тут не было рамонту, а ён вельмі быў патрэбны. Асвойваць сродкі мы пачалі з 2005-га, хоць адразу было няпроста. Літаральна за два гады школа і тэрыторыя ля яе непазнавальна змяніліся. Цалкам былі заменены дах, вокны, падлога, дзверы…

На пляцоўцы ля школы мы задумалі стварыць міні-версаль. Спецыялісты аддзела архітэктуры дапамаглі размеціць тэрыторыю, і мы ўзяліся за справу. На аб’екце працавалі настаўнікі, тэхперсанал, бацькі, вучні. Літаральна машынамі прывозілі адсеў – спецыяльны гравій для сцяжынак, садзілі дэкаратыўныя кусты, туі і іншыя расліны… Цяпер, думаю, многія, праязджаючы ля нашай школы, звяртаюць увагу на гэтую прыгажосць, якую пастаянна падтрымліваюць мае калегі.

…Праз два гады з пачатку ажыццяўлення дзяржпраграмы ў жніўні да нас павінен быў прыехаць Прэзідэнт. Напярэдадні яго візіту ў школу завітаў тагачасны міністр адукацыі. Памятаю, як Аляксандр Міхайлавіч Радзькоў настройваў мяне на сустрэчу: параіў размаўляць з Аляксандрам Рыгоравічам проста, расказаць, што радуе і што засмучае мяне як дырэктара, падзяліцца поспехамі і планамі.

Кіраўніка краіны ў школе сустракала з маімі намеснікамі: Валянцінай Вацлаваўнай Трышынай і Таццянай Баляс­ла­ваўнай Максімюк. Прэзідэнт пацікавіўся, колькі дзяцей вучыцца ў школе, які працэнт якасці адукацыі. Калі не памыляюся, у той год у нас быў невялікі выпуск – толькі 6 чалавек, пяцёра з якіх паступілі ў вну, а Вераніка Кулеўская ўвогуле прайшла на бюджэт рэдкай для таго часу спецыяльнасці «вэб-дызайн». Прэзідэнт пахваліў увесь педагагічны калектыў, зазначыўшы ўзорны парадак. 

Потым лідара краіны сустракаў Анатоль Кавалеўскі ў фізкультурна-аздараўленчым комплексе. Тады гэта быў адзіны на Астравеччыне спартыўны аб’ект такога маштабу, дзе праводзіліся ўсе раённыя спаборніцтвы. 

Завяршыўся візіт Прэзідэнта ў Гервяты сустрэчай з мясцовымі жыхарамі.

Хуткі, шчыры, адкрыты, сапраўдны гаспадар – такое ўражанне пакінуў Аляксандр Рыгоравіч. 

Дзякуючы дзяржпраграме па развіцці і адраджэнні вёскі змянілася не толькі наша школа, але і дзіцячы сад, амбулаторыя, якая тады была бальніцай са стацыянарным аддзяленнем, з’явілася шмат зялёных насаджэнняў. Мне здаецца, што наш населены пункт дзякуючы той ініцыятыве Прэзідэнта набыў унікальны твар: Гервяты не зблытаеш ні з адным аграгарадком Астравеччыны. 

 

Текст: Алёна Ганулич
Фото: Алёна Ганулич и из архива
 
 
Па сцяжынцы да школьнага парога Страчскай школы прайшліся яе былыя дырэктары Рэгіна Лапата і Алена Канчанін
Определились дипломанты конкурса совета ветеранов и объединения профсоюзов «Творение рук – душевный дар»
Первый профсоюзный молодёжный форум в Островце. День второй
Школа молодого специалиста
Мы дружбою своей сильны и Родиной своей горды!
Островчане побывали на патриотическом форуме ко Дню народного единства
День Независимости
Экскурсия в Брестскую крепость
Па сцяжынцы да школьнага парога Дравяніцкай школы
В «Ласточке» молодёжный совет образования провёл квест для детей
Ромашковые поля c пожеланиями на лепестках дарили на День семьи в Островце
Я – педагог и патриот своей страны